Трэцяя кніга Царстваў, разьдзел 4

І быў цар Саламон царом над усім Ізраілем.

І вось начальнікі, якія былі ў яго: Азарыя, сын Садока сьвятара;

Эліхарэт і Ахія, сыны Сівы, пісцы; Ёсафат, сын Ахілуда, дзеяпісальнік;

Ванэя, сын Ёдая, ваеначальнік; Садок і Авіятар - сьвятары;

Азарыя, сын Натана, начальнік над прыстаўнікамі, і Завут, сын Натана сьвятара - сябар цара;

Ахісар - начальнік над царскім домам, і Аданірам, сын Аўды, - над падаткамі.

І было ў Саламона дванаццаць прыстаўнікаў над усім Ізраілем, і яны дастаўлялі прадукты цару і дому ягонаму: кожны павінен быў дастаўляць прадукты на адзін месяц у годзе.

Вось імёны іх: Бэн-хур - на гары Яфрэмавай;

Бэн-Дэкер - у Макацы і ў Шаалбіме, у Бэтсамісе і ў Элоне і ў Бэт-Ханане;

Бэн-Хэсэд - у Арубоце; яму ж належаў Сако і ўся зямля Хэфэр;

Бэн-Авінадаў - над усім Нафат-Дорам; Тафат, дачка Саламона, была ягонаю жонкаю;

Ваана, сын Ахілуда, у Таанаху і Мэгідо і ва ўсім Бэт-Сане, што паблізу Цартана ніжэй Езрэеля, ад Бэт-Сана да Абэл-Мэхола, і нават за Ёкмэам;

Бэн-Гевэр - у Рамоце Галаадскім; у яго былі селішчы Яіра, сына Манасіінага, што ў Галаадзе; у яго таксама вобласьць Аргоў, што ў Басане, шэсьцьдзясят вялікіх гарадоў з мурамі і меднымі замкамі;

Ахінадаў, сын Гідо, у Маханаіме;

Ахімаас - у зямлі Нэфталімавай; ён узяў сабе за жонку Васэмату, дачку Саламона;

Ваана, сын Хушая, у зямлі Асіравай і ў Баалоце;

Ёсафат, сын Паруаха, у зямлі Ісахаравай;

Шымэй, сын Элы, у зямлі Веньямінавай;

Гевэр, сын Урыя, у зямлі Галаадскай, у зямлі Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага. Ён быў прыстаўнік у гэтай зямлі.

Юда і Ізраіль, шматлікія як пясок каля мора, елі, пілі і весяліліся.

Саламон валодаў усімі царствамі ад ракі Еўфрат да зямлі Філістымскай і да межаў Егіпта. Яны прыносілі дарункі і служылі Саламону ва ўсе дні жыцьця ягонага.

Прадукты Саламона на кожны дзень складалі: трыццаць кораў мукі пшанічнай і шэсьцьдзясят кораў іншай мукі,

дзесяць валоў укормленых і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, акрамя аленяў і сарнаў, і сайгакаў і ўкормленых птушак;

бо ён валадарыў над усёю зямлёю па гэты бок ракі, ад Тыпсаха да Газы, над усімі царамі па гэты бок ракі, і быў у яго мір з усімі навакольнымі краінамі.

І жылі Юда і Ізраіль спакойна, кожны пад вінаграднікам сваім і пад смакоўніцаю сваёю, ад Дана да Вірсавіі, ва ўсе дні Саламона.

І было ў Саламона сорак тысяч стойлаў пад коней калясьнічных і дванаццаць тысяч для коньніцы.

І тыя прыстаўнікі дастаўлялі цару Саламону ўсё належнае да стала цара, кожны ў свой месяц, і не дапускалі нястачы ні ў чым.

І ячмень і салому коням і мулам дастаўлялі кожны ў сваю чаргу на месца, дзе быў цар.

І даў Бог Саламону мудрасьць і вельмі вялікі розум - і шырокі розум, як пясок на беразе мора.

І была мудрасьць Саламонава вышэйшая за мудрасьць усіх сыноў усходу і за ўсю мудрасьць Егіпцянаў.

Ён быў мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы і за Этана Эзрахіта і Эмана, і Халкола і за Дарду, сыноў Малхола, і імя ягонае было ў славе ва ўсіх навакольных народаў.

І прамовіў ён тры тысячы выслоўяў, і песьняў у яго было тысяча і пяць;

і гаварыў ён пра дрэвы, ад кедра, што ў Ліване, да ісопу, што вырастае са сьцяны; гаварыў і пра жывёл, і пра птушак, і пра паўзуноў, і пра рыбу.

І прыходзілі ад усіх народаў паслухаць мудрасьці Саламона, ад усіх цароў зямных, якія чулі пра мудрасьць ягоную.