Першая кніга Царстваў, разьдзел 10

І ўзяў Самуіл посуд з алеем і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго і сказаў: вось, Гасподзь памазвае цябе на кіраўніка спадчыны Сваёй:

калі ты цяпер пойдзеш ад мяне, дык сустрэнеш двух чалавек паблізу магілы Рахілі, на межах Веньямінавых, у Цэлцаху, і яны скажуць табе: знайшліся асьліцы, якіх ты хадзіў шукаць, і вось бацька твой, забыўшы пра асьліц, непакоіцца за вас, кажучы: што з сынам маім?

і пойдзеш адтуль далей і прыйдзеш да дубровы Фаворскай, і сустрэнуць цябе там тры чалавекі, што ісьцімуць да Бога ў Вэтыль: адзін нясе тры казьляняткі, другі нясе тры хлябы, а трэці нясе мех зь віном;

і будуць яны цябе вітаць і дадуць табе два хлябы, і ты возьмеш з рук іхніх.

Пасьля таго ты прыйдзеш на пагорак Божы, дзе ахоўны атрад Філістымскі; і калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш гурт прарокаў, што сыходзіцьмуць з вышыні, і перад імі псалтыр і тымпан, і жалейка і гусьлі, і яны прарочаць;

і сыйдзе на цябе Дух Гасподні, і ты будзеш прарочыць зь імі і зробішся іншым чалавекам.

Калі гэтыя азнакі збудуцца з табою, тады рабі, што можа рука твая, бо з табою Бог.

І ты пайдзі раней за мяне ў Галгал, куды і я прыйду да цябе дзеля прынясеньня цэласпаленьня і мірных ахвяраў; сем дзён чакай, пакуль я ня прыйду да цябе, і тады пакажу табе, што табе рабіць.

Як толькі Саўл павярнуўся, каб ісьці да Самуіла, Бог даў яму іншае сэрца, і збыліся ўсе тыя азнакі ў той самы дзень.

Калі прыйшлі яны да пагорка, вось сустракаецца ім гурт прарокаў, і сышоў на яго Дух Божы, і ён прарочыў сярод іх.

Усе, хто ведаў яго ўчора і заўчора, убачыўшы, што ён з прарокамі прарочыць, казалі ў народзе адзін аднаму: што гэта сталася з сынам Кісавым? няўжо і Саўл у прароках?

І адказваў адзін з тых, што былі там, і сказаў: а ў тых, хто бацька. Таму ўвайшло ў прымаўку: няўжо і Саўл у прароках?

І перастаў ён прарочыць і пайшоў на вышыню.

І сказаў дзядзька Саўлаў яму і слузе ягонаму: куды вы хадзілі? Ён сказаў: шукаць асьліц, але, бачачы, што іх няма, зайшлі да Самуіла.

І сказаў дзядзька Саўлаў: раскажы мне, што сказаў вам Самуіл.

І сказаў Саўл дзядзьку свайму: ён абвясьціў нам, што асьліцы знайшліся. А таго, што сказаў яму Самуіл пра царства, не адкрыў яму.

І склікаў Самуіл народ да Госпада ў Масіфу

і сказаў сынам Ізраілевым: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я вывеў Ізраіля зь Егіпта і выбавіў вас з рукі Егіпцянаў і ад рукі ўсіх царстваў, што прыгняталі вас.

А вы цяпер адкінулі Бога вашага, Які ратуе вас ад усіх бедстваў вашых і смуткаў вашых, і сказалі Яму: цара пастаў над намі. Дык вось станьце прад Госпадам паводле плямёнаў вашых і паводле родаў вашых.

І загадаў Самуіл падыходзіць усім плямёнам Ізраілевым, і ўказана племя Веньямінава.

І загадаў падыходзіць племю Веньямінаваму паводле родаў яго і ўказаны род Матрыеў; і прыводзяць род Матрыеў па мужчынах, і названы Саўл, сын Кісаў; і шукалі яго і не знаходзілі.

І спыталіся яшчэ ў Госпада: ці прыйдзе ён яшчэ сюды? І сказаў Гасподзь: вось ён хаваецца ў абозе.

І пабеглі і ўзялі яго адтуль, і ён стаў сярод народу і быў ад плячэй сваіх вышэйшы за ўвесь народ.

І сказаў Самуіл усяму народу: ці бачыце, каго выбраў Гасподзь? падобнага да яго няма ва ўсім народзе. Тады ўвесь народ усклікнуў і сказаў: хай жыве цар!

І выклаў Самуіл народу правы царства, і напісаў у кнігу, і паклаў прад Госпадам. І адпусьціў увесь народ, кожнага ў дом свой.

Таксама і Саўл пайшоў у дом свой, у Гіву; і пайшлі зь ім адважныя, сэрца якіх крануўся Бог.

А нягодныя людзі казалі: ці ж яму ратаваць нас? І пагардзілі ім і не паднесьлі яму дарункаў. Але ён як бы не заўважаў таго.