2. Ён павёў мяне і ўвёў у цемру, а не ў сьвятло.
3. Толькі супроць мяне Ён зьвяртае руку Сваю кожнага дня;
4. выснажыў плоць маю і скуру маю, паламаў мае косьці;
5. абгарадзіў мяне і абклаў горыччу і цяготаю;
6. пасадзіў мяне ў цёмнае месца, як даўно памерлых;
7. акружыў мяне мурам, каб я ня выйшаў, уцяжыў аковы мае,
8. і хоць я клічу і енчу, нячулы Ён да малітвы маёй;
9. крушнямі загарадзіў мне дарогі, скрывіў сьцежкі мае.
10. Ён мне стаўся як бы мядзьведзь у засадзе, як бы леў у патайным месцы;
11. скрывіў дарогі мае і разарваў мяне, у нівеч абярнуў мяне;
12. напяў лук Свой і паставіў мяне як бы цэлем пад стрэлы;
13. паслаў у ныркі мае стрэлы з калчана Свайго.
14. Я зрабіўся пасьмешышчам усяму народу майму, штодзённаю скрушлівай песняй яго.
15. Ён насыціў мяне горыччу, напаіў мяне палыном;
16. скрышыў камянямі зубы мае, пасыпаў мяне попелам.
17. І адышоў спакой ад душы маёй; я забыўся пра шчасныя дні,
18. і сказаў я: загінула сіла мая і надзея мая на Госпада.
19. Падумай пра цярпеньні мае, пра гароту маю, пра жоўць і палын.
20. Цвёрда памятае гэта душа мая і ападае ўва мне.
21. Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся:
22. зь міласьці Госпада мы ня зьніклі, бо ня вычарпаўся Яго мілажаль:
23. ён абнаўляецца кожнае раніцы; вялікая вернасьць Твая!
24. Гасподзь частка мая, кажа душа мая, спадзявацьмуся ж на Яго.
25. Добры Гасподзь з тымі, што на Яго спадзяюцца, з душою, якая шукае Яго.
26. Добра таму, хто цярпліва чакае ратунку ад Госпада.
27. Добра чалавеку, калі ён нясе ярмо ў маладосьці сваёй;
28. сядзіць адасоблена і маўчыць, бо Ён ярмо наклаў на яго;
29. кладзе вусны свае ў пыл, думаючы: «магчыма, яшчэ ёсьць надзея»;
30. падстаўляе шчаку сваю таму, хто яго б'е, здавальняецца ганьбаваньнем,
31. бо не навек пакідае Гасподзь.
32. Але паслаў гора, і ўмілажаліцца зь вялікай даброці Сваёй.
33. Бо Ён не па волі сэрца Свайго карае і засмучае сыноў чалавечых.
34. Але калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,
35. калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга,
36. калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных: хіба ня бачыць Гасподзь?
37. Хто гэта кажа: «І тое бывае, чаму Гасподзь не загадаў быць»?
38. Ці не ад вуснаў Усявышняга адбываецца бедства і посьпех?
39. Навошта наракае чалавек жывы? кожны хай наракае на грахі свае.
40. Выпрабуем і дасьледуем шляхі свае, і зьвернемся да Госпада.
41. Узьнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах:
42. мы адпалі і ўпарціліся; Ты ня зьлітаваўся:
43. Ты пакрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў, не шкадуючы;
44. Ты засланіў сябе хмарай, каб не даходзіла наша малітва;
45. сьмецьцем і мярзотаю Ты зрабіў нас сярод народаў.
46. Разьзявілі на нас пашчу сваю ўсе ворагі нашы.
47. Патокі водаў вылівае вока маё па пагібелі дачкі народа майго.
48. Вока маё выліваецца і не перасыхае, бо палёгкі няма,
49. пакуль ня ўгледзіць і ня ўбачыць Гасподзь зь нябёсаў.
50. Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак майго горада.
51. Па ўсякаму сіліліся вылавіць мяне, як птушку, ворагі мае, бязь ніякай прычыны;
52. укінулі жыцьцё маё ў яму і закідалі мяне камянямі.
53. Воды падняліся да галавы маёй; я сказаў: «загінуў я».
54. Я заклікаў імя Тваё, Госпадзе, зь ямы глыбокай.
55. Ты чуў голас мой; не затулі Тваё вуха ад уздыханьня майго, ад енку майго!
56. Ты набліжаўся, калі я клікаў Цябе, і казаў: ня бойся!
57. Ты абараняў, Госпадзе, дзеі душы маёй; акупляў жыцьцё маё.
58. Ты бачыш, Госпадзе, крыўду маю; рассудзі справу маю.
59. Ты бачыш усю помсьлівасьць іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне;
60. Ты чуеш, Госпадзе, лаянку іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне,
61. словы тых, што паўстаюць на мяне, і іхнія хітраваньні супроць мяне дзень у дзень.
62. Паглядзі, ці сядзяць яны, а ці ўстаюць, я для іх — песьня.
63. Аддай ім, Госпадзе, паводле дзеяў рук іхніх;
64. пашлі ім памрочышча сэрца і пракляцьце Тваё на іх;
65. перасьледуй іх, Госпадзе, гневам тваім, і вынішчы іх з паднябеснай.
| Кнопки |
| Реклама |
| Конкурс |
|
|
