Другі закон, разьдзел 9

Слухай, Ізраіле: ты цяпер ідзеш за Ярдан, каб пайсьці авалодаць народамі, якія большыя і мацнейшыя за цябе, з гарадамі вялікімі, з умацаваньнямі да нябёсаў,

народам, вялікім у ліку і вялікарослым, сынамі Энакавымі, пра якіх ты ведаеш і чуеш: «хто ўстоіць супроць сыноў Энакавых?»

Дык ведай сёньня, што Гасподзь, Бог твой, ідзе перад табою, як агонь пажыральны: Ён будзе зьнішчаць іх і класьці іх перад табою, і ты прагоніш і вынішчыш іх неўзабаве, як казаў табе Гасподзь.

Калі будзе праганяць іх Гасподзь, Бог твой, ад аблічча твайго, не кажы ў сэрцы тваім, што за справядлівасьць маю прывёў мяне Гасподзь авалодаць гэтай зямлёю, і што за грэх народаў гэтых Гасподзь праганяе іх ад аблічча твайго;

не за справядлівасьць тваю і не за праўду сэрца твайго ідзеш ты спадкаваць зямлю іхнюю, а за грэх народаў гэтых Гасподзь, Бог твой, праганяе іх ад аблічча твайго, і каб выканаць слова, якім прысягаўся Гасподзь бацькам тваім Абрагаму, Ісааку і Якаву;

таму ведай, што не за праведнасьць тваю Гасподзь, Бог твой, дае табе авалодаць гэтаю добраю зямлёю, - бо ты народ цьвёрдахрыбетны.

Памятай, не забудзь, колькі ты дражніў Госпада, Бога твайго, у пустыні: з самага таго дня, як выйшаў ты зь зямлі Егіпецкай, і да самага прыходу вашага на месца гэта вы супрацівіліся Госпаду.

І каля Харыва, вы раздражнілі Госпада, і ўгневаўся на вас Гасподзь, аж хацеў быў зьнішчыць вас,

калі я ўзышоў на гару, каб узяць скрыжалі каменныя, скрыжалі запавета, які пастанавіў Гасподзь з вамі, і прабыў на гары сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў,

і даў мне Гасподзь дзьве скрыжалі каменныя, напісаныя пальцам Божым, а на іх усе словы, якія сказаў вам Гасподзь на гары зь сярэдзіны агню ў дзень сходу.

Як мінуліся сорак дзён і сорак ночаў, даў мне Гасподзь дзьве скрыжалі каменныя, скрыжалі запавета,

і сказаў мне Гасподзь: устань, ідзі хутчэй адгэтуль, бо разбэсьціўся народ твой, які ты вывеў зь Егіпта; хутка ўхіліліся яны з дарогі, якую Я наказаў ім; яны зрабілі сабе літага ідала.

І сказаў мне Гасподзь: бачу Я народ гэты, вось, ён народ цьвёрдахрыбетны;

ня стрымлівай Мяне, і Я зьнішчу іх і згладжу імя іхняе з-пад нябёсаў, а ад цябе выведу народ, які будзе мацнейшы і большы ў ліку за іх.

Я павярнуўся і пайшоў з гары, а гара гарэла агнём; дзьве скрыжалі запавета былі ў абедзьвюх руках у мяне;

і бачыў я, што вы зграшылі супроць Госпада, Бога вашага, зрабілі сабе літае цяля, хутка ўхіліліся з дарогі, наказанае вам Госпадам;

і ўзяў я абедзьве скрыжалі, і кінуў іх з абедзьвюх рук сваіх, і разьбіў іх перад вачыма вашымі.

І ўпаўшы прад Госпадам, маліўся я, як раней, сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў, за ўсе грахі вашыя, якімі вы зграшылі, зрабіўшы ліхое ў вачах Госпада і раздражніўшы Яго;

бо я баяўся гневу і лютасьці, якімі Гасподзь прагневаўся на вас і хацеў пагубіць вас. І паслухаў мяне Гасподзь і гэтым разам.

І на Аарона вельмі прагневаўся Гасподзь і хацеў пагубіць яго; але я маліўся і за Аарона ў той час.

А грэх ваш, у які вы дапусьціліся, - цяля я ўзяў, спаліў яго ў агні, разьбіў яго і ўсяго сьцёр да таго, што ён стаў дробны, як пыл, і я кінуў пыл гэты ў паток, які цячэ з гары.

І ў Тавэры, у Масе і ў Кіброт-Гатааве вы дражнілі Госпада.

І калі пасылаў вас Гасподзь з Кадэс-Варні, кажучы: ідзеце, авалодайце зямлёю, якую Я даю вам, - дык вы ўсупрацівіліся загаду Госпада, Бога вашага, і не паверылі яму і не паслухаліся голасу Ягонага.

Вы былі непакорныя Госпаду з таго самага дня, як я ўведаў вас.

І ўпаўшы прад Госпадам, маліў я сорак дзён і сорак ночаў, у якія я маліўся, бо Гасподзь хацеў пагубіць вас;

І маліўся я Госпаду і казаў: Валадару Госпадзе, не загубі народу Твайго і долі Тваёй, якую ты выкупіў велічнасьцю Тваёю, якую Ты вывеў зь Егіпта рукою моцнаю;

успомні рабоў Тваіх Абрагама, Ісаака і Якава; не зважай на жорсткасьць народу гэтага і на нявернасьць ягоную і на грахі ягоныя,

каб у той зямлі, адкуль Ты вывеў нас, не сказалі: «Гасподзь ня мог увесьці іх у зямлю, якую абяцаў ім, і, зьненавідзеўшы іх, вывеў Ён іх, каб усьмерціць іх у пустыні».

А яны Твой народ і Твая доля, іх Ты вывеў сілаю Тваёю вялікаю і мышцаю высокаю.