Кніга Эстэр, разьдзел 6

У тую ноч Гасподзь забраў сон у цара, і ён загадаў прынесьці памятную кнігу дзённых запісаў; і чыталі іх перад царом,

і знойдзена запісанае там, як данёс Мардахэй на Гавату і Тару, двух еўнухаў царскіх, якія ахоўвалі парог, якія намышлялі накласьці руку на цара Артаксэркса.

І сказаў цар: якая дадзена пашана і адрозьненьне Мардахэю за гэта? І сказалі хлопчыкі царовыя, якія служылі пры ім: нічога ня зроблена яму.

І сказаў цар: хто на двары? Аман прыйшоў тады на зьнешні двор царскага дома пагаварыць з царом, каб павесілі Мардахэя на дрэве, якое ён падрыхтаваў для яго.

І сказалі хлопчыкі цару: вось, Аман стаіць на двары. І сказаў цар: хай увойдзе.

І ўвайшоў Аман. І сказаў яму цар: што зрабіў бы таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанай? Аман падумаў у сэрцы сваім: каму іншаму захоча цар зрабіць пашану, акрамя мяне?

І сказаў Аман цару: таму чалавеку, якога цар хоча вылучць пашанаю,

хай прынясуць вопратку царскую, у якую апранаецца цар, і прывядуць каня, на якім езьдзіць цар, пакладуць царскі вянок на галаву яму,

і хай пададуць вопратку і каня ў руку аднаму зь першых князёў царскіх, - і апрануць таго чалавека, якога цар хоча вылучыць пашанаю, і вывядуць яго на кані на гарадскі пляц, і абвесьцяць перад ім, так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанай!

І сказаў цар Аману: зараз жа вазьмі вопратку і каня, як ты сказаў, і зрабі гэта Мардахэю Юдэю, які сядзіць каля царскае брамы; нічога не прапусьці з таго, што ты казаў.

І ўзяў Аман вопратку і каня і апрануў Мардахэя, і вывеў яго на кані на гарадскі пляц і абвясьціў перад ім: так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанаю!

І вярнуўся Мардахэй да царскае брамы. А Аман пасьпяшаўся ў дом свой, журботны і закрыўшы галаву.

І пераказаў Аман Зэрэшы, жонцы сваёй, і ўсім сябрам сваім усё, што здарылася зь ім. І сказалі яму мудрацы ягоныя і Зэрэш, жонка ягоная: калі з племені Юдэяў Мардахэй, празь якога ты пачаў падаць, дык не перасіліш яго, а, мабыць, упадзеш перад ім.

Яны яшчэ гутарылі зь ім, як прыйшлі еўнухі цара і сталі прысьпешваць ісьці на гасьціну, якую прыгатавала Эстэр.