Выхад, разьдзел 3

Майсей пасьвіў авечкі ў Ётора, цесьця свайго, сьвятара Мадыямскага. Аднаго разу правёў ён статак далёка ў пустыню і прыйшоў да гары Божай, Харыва.

І зьявіўся яму анёл Гасподні ў полымі агню зь сярэдзіны цярновага куста. І ўбачыў ён, што цярновы куст гарыць агнём, але куст не згарае.

Майсей сказаў: пайду і падзіўлюся на гэтую вялікую зьяву, чаму куст не згарае.

Гасподзь убачыў, што ён ідзе глядзець, і паклікаў яго Бог зь сярэдзіны куста, і сказаў: Майсею! Майсею! Ён сказаў: вось я!

І сказаў Бог: не падыходзь сюды: здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.

І сказаў: Я Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава. Майсей засланіў твар свой, бо баяўся глянуць на Бога.

І сказаў Гасподзь: Я ўбачыў пакуты народа Майго ў Егіпце і пачуў енк яго ад прыстаўнікаў ягоных; Я ведаю смуткі яго

і іду выратаваць яго ад рукі Егіпцянаў і вывесьці яго зь зямлі гэтай у зямлю добрую і прасторную, дзе цячэ малако і мёд, у зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў.

І вось, ужо енк сыноў Ізраілевых дайшоў да Мяне, і Я бачу прыгнёт, якім прыгнятаюць іх Егіпцяне.

Дык вось ідзі: Я пашлю цябе да фараона; і выведзі зь Егіпта народ Мой, сыноў Ізраілевых.

Майсей сказаў Богу: хто я, каб мне ісьці да фараона і вывесьці зь Егіпта сыноў Ізраілевых?

І сказаў: Я буду з табою, і вось табе азнака, што Я паслаў цябе: калі ты выведзеш народ зь Егіпта, вы ўчыніце служэньне Богу на гэтай гары.

І сказаў Майсей Богу: вось, я прыйду да сыноў Ізраілевых і скажу ім: Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас. А яны скажуць мне: як Яго імя? Што я скажу ім?

Бог сказаў Майсею: Я - Сутны. І сказаў: так скажы сынам Ізраілевым: Сутны паслаў мяне да вас.

І сказаў яшчэ Бог Майсею: так скажы сынам Ізраілевым: Гасподзь Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава паслаў мяне да вас. Вось імя Маё навекі, і памятаньне пра Мяне з роду ў род.

Ідзі, зьбяры старэйшынаў Ізраілевых і скажы ім: Гасподзь, Бог бацькоў вашых, зьявіўся мне, Бог Абрагама, Ісаака і Якава, і сказаў: Я наведаў вас і ўбачыў, што робіцца з вамі ў Егіпце.

І сказаў: Я выведу вас ад прыгнёту Егіпецкага ў зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў, у зямлю, дзе цячэ малако і мёд.

І яны паслухаюць голасу твайго, і пойдзеш ты і старэйшыны Ізраілевыя да цара Егіпецкага, і скажаце яму: Госпадзе, Бог Габрэяў, паклікаў нас; дык вось адпусьці нас у пустыню, на тры дні дарогі, каб прынесьці ахвяру Госпаду Богу нашаму.

Але Я ведаю, што цар Егіпецкі не дазволіць вам ісьці, калі ня прымусіць яго рукою моцнаю;

і працягну руку Маю і ўражу Егіпет усімі дзівосамі Маімі, якія ўчыню сярод яго; і пасьля таго ён пусьціць вас.

І дам народу гэтаму літасьць у вачах Егіпцянаў; і калі пойдзеце, дык пойдзеце ня з пустымі рукамі;

кожная жанчына выпрасіць у суседкі сваёй і ў той, што жыве ў доме ў яе, рэчаў срэбраных і рэчаў залатых і вопраткі, і вы адзеньце ў іх сыноў вашых і дочак вашых і спустошыце Егіпет.