Кніга прарока Езэкііля, разьдзел 9

І абвясьціў у вушы мае вялікім голасам, кажучы: хай наблізяцца карнікі горада, кожны са сваёю згубнаю прыладаю ў руцэ сваёй.

І вось, шэсьць чалавек ідуць ад верхняе брамы, павернутае да поўначы, і ў кожнага ў руцэ пагібельная прылада ягоная, і сярод іх адзін, апрануты ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады. І прыйшлі і сталі каля меднага ахвярніка.

І слава Бога Ізраілевага сышла з херувіма, на якім была, да парога Дома. І паклікаў Ён чалавека, апранутага ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады.

І сказаў яму Гасподзь: прайдзі пасярод горада, пасярод Ерусаліма, і на ілбах людзей, якія смуткуюць і ўбольваюцца праз усе гідоты, што чыняцца сярод яго, зрабі знак.

А тым сказаў у слых мой: ідзеце за ім па горадзе і беце; хай не шкадуе вока ваша, і ня літуйце;

старога, юнака і дзяўчыну, і дзіця і жанчын беце да сьмерці, але не чапайце ніводнага чалавека, на якім знак, і пачнеце ад сьвятыні Маёй. І пачалі яны з тых старэйшынаў, якія былі перад Домам.

І сказаў ім: апаганьце Дом і напоўніце двары забітымі, і выйдзіце. І выйшлі і пачалі забіваць у горадзе.

І калі яны іх забілі, а я застаўся, тады я ўпаў на аблічча сваё і закрычаў, і сказаў: о Госпадзе Божа! няўжо Ты загубіш усю рэшту Ізраіля, выліваючы гнеў Твой на Ерусалім?

І сказаў Ён мне: бязбожнасьць дому Ізраілевага і Юдавага вялікая, вельмі вялікая; і зямля гэтая поўная крыві, і горад поўны крыўды; бо яны кажуць: «пакінуў Гасподзь зямлю гэтую, і ня бачыць Гасподзь».

Затое і Маё вока не ўмілажаліцца, і не памілую; абярну іх паводзіны на іхнюю галаву.

І вось, чалавек, апрануты ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады, даў адказ і сказаў: я зрабіў, як Ты загадаў мне.