Быццё, разьдзел 24

Абрагам быў ужо стары і ў сталым веку. Гасподзь дабраславіў Абрагама ўсім.

І сказаў Абрагам рабу свайму, старэйшаму ў доме ягоным, кіроўцу ўсім, што ў яго было: пакладзі руку тваю пад сьцягно маё

і запрысягніся мне Госпадам, Богам неба і Богам зямлі, што ты ня возьмеш сыну майму жонкі з дачок Хананэяў, сярод якіх я жыву;

а пойдзеш у зямлю маю, на радзіму маю, і возьмеш жонку сыну майму Ісааку.

Раб сказаў яму: можа стацца, не захоча жанчына ісьці са мною ў гэтую зямлю; ці павінен я вярнуць сына твайго ў зямлю, зь якое ты выйшаў?

Абрагам сказаў яму: сьцеражыся, не вяртай сына майго туды;

Гасподзь, Бог неба, Які ўзяў мяне з дома бацькі майго і зь зямлі нараджэньня майго, Які гаварыў мне і Які прысягнуў мне, кажучы: нашчадкам тваім дам гэтую зямлю, - Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш жонку сыну майму адтуль;

калі ж не захоча жанчына ісьці з табою, ты будзеш вольны ад гэтай прысягі маёй; толькі сына майго не вяртай туды.

І паклаў раб руку сваю пад сьцягно Абрагаму, гаспадару свайму, і запрысягнуўся яму ў гэтым.

І ўзяў раб зь вярблюдаў гаспадара свайго дзесяць вярблюдаў і пайшоў. У руках у яго былі таксама ўсякія скарбы гаспадара ягонага. Ён устаў і пайшоў у Месапатамію, у горад Нахораў;

і спыніў вярблюдаў па-за горадам, каля калодзежа вады, пад вечар, у той час, калі прыходзяць жанчыны чэрпаць ваду,

і сказаў: Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, пашлі яе сёньня насустрач мне і ўчыні міласьць гаспадару майму Абрагаму;

вось, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў горада выходзяць чэрпаць ваду;

і дзяўчына, якой я скажу: нахілі збанок твой, я нап'юся; і яна скажа: пі, я і вярблюдам тваім дам піць, - вось тая, якую Ты назначыў рабу Твайму Ісааку; і з гэтага даведаюся я, што Ты чыніш мілату гаспадару майму.

Яшчэ не перастаў ён гаварыць, і вось, выйшла Рэбэка, якая нарадзілася ад Ватуіла, сына Мілкі, жонкі Нахора, брата Абрагамавага, і збанок яе на плячы ў яе;

дзяўчына была прыгожая з твару, дзева, якое не спазнаў муж. Яна сышла да крыніцы, напоўніла збанок свой і пайшла ўгору.

І пабег раб насустрач ёй і сказаў: дай мне выпіць крыху вады са збанка твайго.

Яна сказала: пі, гаспадару мой. І адразу апусьціла збанок свой на руку сваю і напаіла яго.

І, калі напаіла яго, сказала: я пачну чэрпаць і вярблюдам тваім, пакуль не нап'юцца ўсе.

І адразу выліла ваду са збанка свайго ў карыта, і пабегла зноў да калодзежа зачарпнуць, і начэрпала ўсім вярблюдам ягоным,

Чалавек той глядзеў на яе са зьдзіўленьнем моўчкі, хочучы зразумець, ці дабраславіў Гасподзь дарогу ягоную, ці не.

Калі вярблюды перасталі піць, тады чалавек той узяў залатую завушніцу, вагою паўсікля, і два запясьці на рукі ёй, вагою ў дзесяць сікляў золата,

і сказаў: чыя ты дачка? скажы мне; ці ёсьць у доме ў бацькі твайго месца нам начаваць?

Яна сказала яму: я дачка Ватуіла, сына Мілкі, якога яна нарадзіла Нахору.

І яшчэ сказала яму: у нас многа саломы і корму; і ёсьць месца начаваць.

І схіліўся чалавек той, і пакланіўся Госпаду,

і сказаў: дабраславёны Гасподзь, Бог гаспадара майго Абрагама, Які не абышоў гаспадара майго ласкаю Сваёю і праўдаю Сваёю! Гасподзь роўнаю дарогаю прывёў мяне да дома брата гаспадара майго.

Дзяўчына пабегла і расказала пра гэта ў доме маці сваёй.

У Рэбэкі быў брат, якога звалі Лаван. Лаван выбег да таго чалавека, да крыніцы.

І калі ён убачыў завушніцу і запясьці на руках у сястры сваёй, якая казала: так гаварыў са мною чалавек гэты, - дык прыйшоў да чалавека, і вось, ён стаіць каля вярблюдаў ля крыніцы;

і сказаў яму: увайдзі, дабраславёны Госпадам; чаго ты стаіш звонку? я падрыхтаваў дом і месца вярблюдам.

І ўвайшоў чалавек. Лаван расьсядлаў вярблюдаў і даў саломы і корму вярблюдам і вады памыць ногі яму і людзям, якія былі зь ім;

і прапанавалі яму ежы. Але ён сказаў: ня буду есьці, пакуль не скажу справы сваёй. І сказалі: кажы.

Ён сказаў: я раб Абрагамаў;

Гасподзь вельмі дабраславіў гаспадара майго, і ён зрабіўся вялікім: Ён даў яму авечак і валоў, срэбра і золата, рабоў і рабыняў, вярблюдаў і аслоў.

Сарра, жонка гаспадара майго, ужо пастарэўшы, нарадзіла гаспадару майму сына, якому ён аддаў усё, што ў яго;

і ўзяў зь мяне прысягу гаспадар мой, сказаўшы: не бяры жонкі сыну майму з дачок Хананэяў, у зямлі якіх я жыву,

а ідзі ў дом бацькі майго і да сваякоў маіх, і возьмеш жонку сыну майму.

Я сказаў гаспадару майму: магчыма, ня пойдзе жанчына са мною.

Ён сказаў мне: Гасподзь, прад абліччам Якога я хаджу, пашле з табою анёла Свайго і добра ўладкуе шлях твой, і возьмеш жонку сыну майму з родзічаў маіх і з дому бацькі майго;

тады будзеш ты вольны ад прысягі маёй, калі сходзіш да родзічаў маіх; і калі яны не дадуць табе, ты будзеш вольны ад прысягі маёй.

І прыйшоў я сёньня да крыніцы і сказаў: Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама! Калі Ты добра ўладкуеш шлях, які я праходжу,

дык вось, я стаю каля крыніцы вады, і дзяўчына, якая выйдзе зачарпнуць і якой я скажу: дай мне выпіць крыху са збанка твайго,

і якая скажа мне: і ты пі, і вярблюдам тваім я начэрпаю, - вось жонка, якую Гасподзь вызначыў сыну гаспадара майго.

Яшчэ не перастаў я гаварыць у думках маіх, і вось, выйшла Рэбэка, і збанок яе на плячы ў яе, і сышла да крыніцы і зачарпнула; і я сказаў ёй: напаі мяне.

Яна адразу апусьціла зь сябе збанок свой і сказала: пі, і вярблюдаў тваіх я напаю. І я піў. І вярблюдаў яна напаіла.

Я спытаўся ў яе і сказаў: чыя ты дачка? Яна сказала: дачка Ватуіла, сына Нахоравага, якога нарадзіла яму Мілка. І даў я завушніцы ёй і запясьці на рукі яе.

І схіліўся я і пакланіўся Госпаду, і дабраславіў Госпада, Бога гаспадара майго Абрагама, Які роўнай дарогаю прывёў мяне, каб узяць дачку брата гаспадара майго за сына ягонага.

І цяпер скажэце мне: ці маеце вы намер зрабіць ласку і праўду гаспадару майму, ці не? скажэце мне, і я павярнуся направа альбо налева.

І адказвалі Лаван і Ватуіл і сказалі: ад Госпада прыйшла гэтая дзея; мы ня можам сказаць табе папярок ні благога, ні добрага;

вось Рэбэка перад табою; вазьмі і ідзі; хай будзе яна жонкаю сыну гаспадара твайго, як сказаў Гасподзь.

Калі раб Абрагамаў пачуў словы іхнія, дык пакланіўся Госпаду да зямлі.

І дастаў раб срэбныя рэчы і залатыя рэчы і вопратку і даў Рэбэцы; таксама і брату яе і маці яе даў багатыя дарункі.

І елі і пілі ён і людзі, якія былі зь ім, і заначавалі. Калі ж усталі раніцай, дык ён сказаў: пусьцеце мяне да гаспадара майго.

Але брат яе і маці сказалі: хай пабудзе з намі дзяўчына дзён зь дзесяць; потым пойдзеш.

Ён сказаў ім: ня трымайце мяне, бо Гасподзь добра ўладкаваў шлях мой; пусьцеце мяне, і я пайду да гаспадара майго.

Яны сказалі: паклічам дзяўчыну і спытаемся, што яна скажа.

І паклікалі Рэбэку і сказалі ёй: ці пойдзеш з гэтым чалавекам? Яна сказала: пайду.

І пусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміцельку яе, і раба Абрагамавага, і людзей ягоных.

І дабраславілі Рэбэку і сказалі ёй: сястра наша, хай родзяцца ад цябе тысячы тысяч, і хай валодаюць нашчадкі твае жытлішчамі ворагаў тваіх,

І ўстала Рэбэка і служанка яе, і селі на вярблюдаў, і паехалі за тым чалавекам. І раб узяў Рэбэку і пайшоў.

А Ісаак прыйшоў з Бэер-Лахай-Роі, бо жыў ён у зямлі паўдзённай.

Як пачало вечарэць, Ісаак выйшаў у поле падумаць, і ўзьвёў вочы свае, і ўбачыў: вось, ідуць вярблюды.

Рэбэка зірнула, і ўбачыла Ісаака, і спусьцілася зь вярблюда.

І сказала рабу: хто гэты чалавек, які ідзе па полі насустрач нам? Раб сказаў: гэта гаспадар мой. І яна ўзяла пакрывала і закрылася.

А раб сказаў Ісааку ўсё, што зрабіў.

І ўвёў яе Ісаак у намёт Сарры, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку, і яна сталася яму жонкай, і ён пакахаў яе; і суцешыўся Ісаак у журбоце па маці сваёй.