Быццё, разьдзел 5

І вось радавод Адама: калі Бог стварыў чалавека, паводле падабенства Божага стварыў яго,

мужчыну і жанчыну стварыў іх, і дабраславіў іх, і даў ім імя: чалавек, у дзень стварэньня іх.

Адам жыў сто трыццаць гадоў, і спарадзіў сына паводле падабенства свайго і паводле вобразу свайго, і даў яму імя: Сіф.

Дзён Адама пасьля нараджэньня ім Сіфа было васямсот гадоў, і спарадзіў ён сыноў і дачок.

А ўсіх дзён жыцьця Адамавага было дзевяцьсот трыццаць гадоў; і ён памёр.

Сіф жыў сто пяць гадоў і спарадзіў Эноса.

Пасьля нараджэньня Эноса Сіф жыў васямсот сем гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

А ўсіх дзён Сіфавых было дзевяцьсот дванаццаць гадоў; і ён памёр.

Энос жыў дзевяноста гадоў і спарадзіў Каінана.

Пасьля нараджэньня Каінана Энос жыў васямсот пятнаццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

А ўсіх дзён Эносавых было дзевяцьсот пяць гадоў; і ён памёр.

Каінан жыў семдзесят гадоў і спарадзіў Малелэіла.

Пасьля нараджэньня Малелэіла Каінан жыў васямсот сорак гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

А ўсіх дзён Каінанавых было дзевяцьсот дзесяць гадоў; і ён памёр.

Малелэіл жыў шэсьцьдзясят пяць гадоў і спарадзіў Ярэда.

Пасьля нараджэньня Ярэда Малелэіл жыў васямсот трыццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

А ўсіх дзён Малелэілавых было васямсот дзевяноста пяць гадоў; і ён памёр.

Ярэд жыў сто шэсьцьдзясят два гады і спарадзіў Эноха.

Пасьля нараджэньня Эноха Ярэд жыў сто восемдзесят гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

А ўсіх дзён Ярэдавых было дзевяцьсот шэсьцьдзясят два гады; і ён памёр.

Энох жыў шэсьцьдзясят пяць гадоў і спарадзіў Мафусала.

І хадзіў Энох прад Богам, пасьля нараджэньня Мафусала, трыста гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

А ўсіх дзён Эноха было трыста шэсьцьдзясят пяць гадоў.

І хадзіў Энох прад Богам; і ня стала яго, бо Бог узяў яго.

Мафусал жыў сто восемдзесят сем гадоў і спарадзіў Ламэха.

Пасьля нараджэньня Ламэха Мафусал жыў сямсот восемдзесят два гады і спарадзіў сыноў і дачок.

А ўсіх дзён Мафусалавых было дзевяцьсот шэсьцьдзясят дзевяць гадоў; і ён памёр.

Ламэх жыў сто восемдзесят два гады і спарадзіў сына,

і даў яму імя: Ной, сказаўшы: ён суцешыць нас у працы нашай і ў працы рук нашых, калі ўрабляцьме зямлю, якую пракляў Гасподзь Бог.

І жыў Ламэх пасьля нараджэньня Ноя пяцьсот дзевяноста пяць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

А ўсіх дзён Ламэхавых было сямсот семдзесят сем гадоў; і ён памёр.

Ною было пяцьсот гадоў; і спарадзіў Ной трох сыноў: Сіма, Хама і Яфэта.