Паводле Яна сьвятое дабравесьце, разьдзел 11

Быў хворы нехта Лазар зь Віфаніі, зь селішча, дзе жылі Марыя і Марфа, сястра ейная.

А Марыя, чый брат Лазар быў хворы, была тая самая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Яму валасамі сваімі.

Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе! той, каго Ты любіш, хворы.

Ісус, пачуўшы, сказаў: гэта хвароба не да сьмерці, а на славу Божую, хай праславіцца празь яе Сын Божы.

А Ісус любіў Марфу і сястру яе і Лазара.

Калі ж пачуў, што ён хворы, прабыў два дні на тым месцы, дзе быў.

Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем зноў у Юдэю.

Вучні сказалі Яму: Равьві! ці даўно Юдэі намышлялі пабіць Цябе камянямі, і Ты зноў ідзеш туды?

Ісус адказваў: ці не дванаццаць гадзін у дні? хто ходзіць удзень, той не спатыкаецца, бо ён бачыць сьвятло сьвету гэтага;

а хто ходзіць поначы, спатыкаецца, бо няма сьвятла зь ім.

Сказаўшы гэта, кажа ім потым: Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго.

Вучні Яго сказалі: Госпадзе! калі заснуў, дык выздаравее.

Ісус казаў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сон звычайны.

Тады Ісус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр;

і радуюся за вас, што Мяне ня было там, каб цяпер уверавалі; але пойдзем да яго.

Тады Тамаш, інакш называны Блізьнюк, сказаў вучням: пойдзем і мы памрэм зь ім.

Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.

А Віфанія была непадалёк ад Ерусаліма, стадыяў за пятнаццаць,

і многія Юдэі прыйшлі да Марфы і Марыі - суцешыць іх у смутку па браце іхнім.

Марфа, пачуўшы, што ідзе Ісус, пайшла насустрач Яму; а Марыя сядзела дома.

Тады Марфа сказала Ісусу: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой;

але і цяпер ведаю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог.

Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.

Марфа сказала Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрэсеньні, у апошні дзень.

Ісус сказаў ёй: Я - уваскрэсеньне і жыцьцё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, - ажыве;

і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вавекі. Ці верыш у гэта?

Яна кажа Яму: веру, Госпадзе! я веру, што Ты Хрыстос Сын Божы, Які прыйшоў у сьвет.

Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала ўпотай Марыю, сястру сваю, кажучы: Настаўнік тут і кліча цябе.

Яна, як толькі пачула, пасьпешліва ўстала і пайшла да Яго.

Ісус яшчэ не ўваходзіў у селішча, але быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марфа.

Юдэі, якія былі зь ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, што Марыя пасьпешліва ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, думаючы, што яна пайшла да магілы - плакаць там.

А Марыя, прыйшоўшы туды, дзе быў Ісус, і ўгледзеўшы Яго, упала да ног Ягоных і сказала Яму: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.

Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі зь ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся,

і сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Госпадзе! ідзі і паглядзі.

Ісус заплакаў сьлязьмі.

Тады Юдэі казалі: глядзі, як Ён любіў яго!

А некаторыя зь іх сказалі: хіба ня мог Гэты, Які адамкнуў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?

А Ісус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй.

Ісус кажа: адымеце камень. Сястра памерлага, Марфа, кажа Яму: Госпадзе! ужо сьмярдзіць; бо чатыры дні, як ён у магіле.

Ісус кажа ёй: ці не сказаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?

І вось аднялі камень ад пячоры, дзе ляжаў памерлы. А Ісус узьвёў вочы да неба і сказаў: Войча! дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;

Я і ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне; але сказаў гэта людзям, што стаяць тут, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне.

Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам: Лазар! выходзь.

І выйшаў памерлы, абвіты па руках і нагах пахавальным палатном, і твар у яго абвязаны быў хусткай. Ісус кажа ім: разьвяжэце яго, хай ідзе.

Тады многія Юдэі, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўтварыў Ісус, уверавалі ў Яго;

а некаторыя зь іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус.

Тады першасьвятары і фарысэі сабралі нараду і казалі: што нам рабіць? Гэты Чалавек многа цудаў творыць:

калі пакінем Яго так, дык усе ўверуюць у Яго, - і прыйдуць Рымляне і забяруць і месца наша і народ.

А адзін зь іх, нехта Каяфа, які быў на той год першасьвятаром, сказаў ім: вы нічога ня ведаеце;

падумайце, што лепей нам: каб адзін чалавек памёр за людзей, ці каб увесь народ загінуў.

Сказаў жа ён гэта не ад сябе, а як што быў на той год першасьвятаром, прадказаў, што Ісус памрэ за народ,

і ня толькі за народ, а каб і расьсеяных дзяцей Божых сабраць усіх разам.

З гэтага дня пастанавілі забіць Яго.

Таму Ісус ужо больш не хадзіў адкрыта паміж Юдэяў, а пайшоў адтуль у краіну паблізу пустыні, у горад, што называўся Ефраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.

Блізілася Пасха Юдэйская, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерусалім перад Пасхаю, каб там ачысьціцца.

Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў храме, казалі адзін аднаму: як вы думаеце? ці ня прыйдзе Ён на сьвята?

А першасьвятары і фарысэі далі загад, што, калі хто даведаецца, дзе Ён будзе, наказалі б, каб узяць Яго.