Кніга прарока Навума, разьдзел 1

Прароцтва пра Нінэвію; кніга ўяваў Навума Элкасэяніна.

Гасподзь ёсьць Бог руплівец і помсьнік; помсьнік Гасподзь і страшны ў гневе: помсьнік Гасподзь ворагам Сваім, і ня зьлітуецца з супраціўцаў Сваіх.

Гасподзь шматцярплівы і вялікі магутнасьцю і не пакідае без пакараньня; у віхуры і ў буры шэсьце Госпада, воблака - пыл ад ног Ягоных.

Загадае Ён мору - і яно высыхае, і ўсе рэкі перасыхаюць; вяне Васан і Карміл, і блякне квет на Ліване.

Горы трасуцца перад Ім, і пагоркі растаюць, і зямля хістаецца перад абліччам Ягоным, і сусьвет і ўсе, што жывуць на ёй.

Перад абурэньнем Яго хто ўстоіць? І хто сьцерпіць полымя гневу Яго? Гнеў Яго разьліваецца як агонь; скалы распадаюцца перад Ім.

Добры Гасподзь, - прыстанак у дзень скрухі - і ведае тых, што на Яго спадзяюцца,

але ўсепатопным павадкам разбурыць дашчэнту Нінэвію, і ворагаў Яго спасьцігне морак.

Што намышляеце вы супроць Госпада? Ён учыніць зьнішчэньне, і бедства ўжо не паўторыцца,

бо пераплеценыя паміж сабою, як цярноўнік і ўпітыя, як п'яніцы, яны пажэртыя будуць начыста, як сухая салома.

Зь цябе павёўся той, хто намысьліў ліхое супроць Госпада, хто склаў змову бязбожную.

Так кажа Гасподзь: хоць яны бясьпечныя і шматлікія, але яны будуць пасечаны і зьнікнуць; а цябе, хоць Я абцяжарваў, больш абцяжарваць ня буду.

І сёньня Я скрышу ярмо ягонае, якое ляжыць на табе, і путы твае парву.

А пра цябе, Асур, Гасподзь вызначыў: ня будзе болей насеньня з тваім імем; з дома бога твайго зьнішчу балваноў і куміраў, падрыхтую табе ў ім магілу, бо ты будзеш у пагардзе.

Вось, на горах - ступакі дабравесьніка, які абвяшчае мір: сьвяткуй, Юдэя, сьвяты твае, выконвай твае абяцаньні, бо ня будзе болей праходзіць па табе бязбожнік: ён зусім зьнішчаны.