Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 18

Сваволі шукае прымхлівы, паўстае супроць усяго разумнага.

Неразумны ня любіць думаць, а толькі паказаць бы свой розум.

З прыходам бязбожнага прыходзіць і пагарда, а з вартым пагарды - ганьба.

Слова з вуснаў чалавечых - глыбокія воды; крыніца мудрасьці - бруісты паток.

Нядобра быць ласкавым зь бязбожным, каб абвергнуць праведнага ў судзе.

Вусны бязглуздага цягнуць у незлагадзь, а словы яго выклікаюць бойку.

Язык бязглуздага - пагібель яму, а вусны яго - сетка на душу ягоную.

Словы нагаворшчыка - як прысмакі, і яны гладка ўваходзяць у нутро чалавека.

Нядбалы ў працы сваёй - брат марнатраўцы.

Імя Госпада - моцная вежа: убягае ў яе праведнік, і ў бясьпецы.

Маёмасьць багатага - як моцны горад ягоны, і высокім мурам здаецца яму.

Перад падзеньнем узносіцца сэрца чалавека, а сьціпласьць ідзе наперадзе славы.

Хто дае адказ, ня выслухаўшы, той неразумны і брыдка яму.

Дух чалавека пераносіць яго немачы; а прыгнечаны дух - хто можа ўмацаваць яго.

Сэрца разумнага набывае веды, і вуха мудрых шукае ведаў.

Дарунак дае чалавеку прастору і да вяльможаў давядзе яго.

Першы ў цяжбіне сваёй мае рацыю, але прыходзіць супернік ягоны і паняверыць яе.

Жэрабя спыняе спрэчкі і вырашае паміж моцнымі.

Азлоблены брат няпрыступнейшы за моцны горад, і свары падобныя на замкі замка.

Ад плоду вуснаў чалавека напаўняецца чэрава ягонае; вытворамі вуснаў сваіх ён насычаецца.

Сьмерць і жыцьцё - ва ўладзе языка, і хто любіць яго, скаштуе ад плоду яго.

Хто знайшоў жонку, той знайшоў дабро і атрымаў мілату ад Госпада.

З мальбою гаворыць убогі, а багаты адказвае груба.

Хто хоча мець сяброў, той і сам павінен быць прыязны; і бывае сябар больш прыязны за брата.