Кніга Псальмаў, псальм 120

Песьня ўзыходжаньня.

Падымаю вочы мае ўгору, адкуль прыйдзе дапамога мая.

Дапамога мая ад Госпада, Які стварыў неба й зямлю.

Ня дасьць Ён пахіснуцца назе тваёй, не задрэмле Той, Хто асланяе цябе:

ня дрэмле і ня сьпіць, Хто асланяе Ізраіля.

Гасподзь - ахавальнік твой; Гасподзь - шата твая з правай рукі Тваёй.

Удзень сонца цябе не заб'е, ані месяц уночы.

Гасподзь аслоніць цябе ад усякага ліха; ахавае душу тваю Гасподзь.

Гасподзь будзе ахоўваць твой выхад і ўваход ад сёньня і вечна.