Кніга Псальмаў, псальм 14

Псальма Давідава.

Госпадзе! Хто можа быць у жытле Тваім? хто можа жыць на сьвятой гары Тваёй?

Той, хто ходзіць бязгрэшна і робіць па праўдзе, і гаворыць ісьціну ў сэрцы сваім;

хто не паклёпнічае языком сваім, хто ня робіць блізкаму шкоды і ня прымае наганы суседу;

той, хто пагарджае злачынцам, але славіць богабаязных; хто прысягае, хай хоць ліхому, і ня здраджвае;

хто срэбра сваё на ліхву не здае, і ня купляецца супроць невінаватага. Хто робіць так, не пахісьнецца ніколі.