Кніга Псальмаў, псальм 144

Хвала Давідава.

Хваліць буду Цябе, Божа мой, Цару мой, і дабраслаўляць імя Тваё векі вечныя.

Кожны дзень дабраслаўляць буду Цябе і хваліць імя Тваё векі вечныя.

Вялікі Гасподзь і праслаўлены вельмі, і веліч Ягоная недасьледная.

Род у род будзе хваліць дзеі Твае і абвяшчаць магутнасьць Тваю.

А я буду разважаць пра высокую славу велічы Тваёй і пра высокія чыны дзеі Твае.

Буду казаць пра моц страшных дзеяў Тваіх, і я буду абвяшчаць веліч Тваю.

Будуць абвяшчаць памяць вялікай даброці Тваёй і распавядацьмуць праўду Тваю.

Шчодры і міласэрны Гасподзь, вельмі цярплівы і вельмі мілажальны.

Добры Гасподзь да ўсіх, і шчадроты Ягоныя на ўсіх дзеях Ягоных.

Хай славяць Цябе, Госпадзе, усе дзеі Твае, і хай дабраслаўляюць Цябе сьвятыя Твае;

хай прапаведуюць славу царства Твайго і распавядаюць пра магутнасьць Тваю,

каб перадаць сынам чалавечым пра моц Тваю і пра слаўную веліч царства Твайго.

Царства Тваё - царства ўсіх вякоў, і валадарства Тваё - ва ўсе роды.

Гасподзь падтрымлівае ўсіх, хто падае, і падымае ўсіх, хто ўпаў.

Вочы ўсіх спадзяюцца на Цябе, і Ты даеш ім ежу сваім часам;

адкрываеш руку Тваю і корміш усіх жывых па добрай волі.

Праведны Гасподзь на ўсіх дарогах Сваіх і добры ва ўсіх дзеях Сваіх.

Блізкі Гасподзь да ўсіх, хто кліча Яго, да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе.

Жаданьне тых, што баяцца Яго, Ён выконвае, скаргі іхнія чуе, і ратуе іх.

Асланяе Гасподзь усіх, хто любіць Яго, а ўсіх бязбожных зьнішчае.

Вусны мае вымавяць хвалу Гасподнюю, і хай дабраслаўляе ўсякае цела сьвятое імя Ягонае вечна.