Кніга Псальмаў, псальм 20

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

Госпадзе! сілаю Тваёю радуецца цар, і з Твайго ратаваньня цешыцца бясконца.

Ты даў яму, чаго хацела сэрца ягонае, і просьбы вуснаў ягоных не адкінуў.

Бо сустрэў Ты яго дабраславеньнямі даброці, на галаву яму ўсклаў вянок з чыстага золата.

Ён прасіў у Цябе жыцьця; Ты даў яму даўгалецьце на векі вечныя.

Вялікая слава ягоная ў ратаваньні Тваім; Ты ўсклаў на яго гонар і веліч.

Ты ўсклаў на яго дабраславеньне навечна, разьвесяліў яго радасьцю аблічча Твайго,

бо цар спадзяецца на Госпада, і з даброці Ўсявышняга не пахісьнецца.

Рука Твая знойдзе ўсіх ворагаў Тваіх, правіца Твая знойдзе Тваіх ненавісьнікаў.

У час гневу Твайго Ты зробіш іх, як печ вогненную; у гневе Сваім Гасподзь іх пагубіць, і паглыне іх вагонь.

Ты вынішчыш плод іхні - спасярод сыноў чалавечых,

бо яны ўчынілі зло супроць Цябе, змовы склалі, але ня здолелі нічога,

Ты іх паставіш пад стрэлы, з лукаў Тваіх пацэліш у твар ім.

Узьнясіся, Госпадзе, у сіле Тваёй: мы будзем апяваць і славіць Тваю магутнасьць.