Кніга Псальмаў, псальм 51

Кіроўцу хору. Вучэньне Давідава,

пасьля таго, як прыходзіў Доік Ідумэянін, і данёс Саўлу, і сказаў яму, што Давід прыйшоў у дом Ахімэлэхаў.

Чаго хвалішся злачынствам, магутны? Ласка Божая заўжды са мною;

твой язык наклікае пагібель; як брытва навостраная ён у цябе, падступнік!

Ты болей любіш зло, чым дабро, а няпраўду болей за праўду казаць;

ты любіш усякія шкадлівыя словы, язык аблудны.

За гэта Бог зруйнуе цябе дарэшты, выкіне цябе і вырве цябе зь сялібы тваёй і корань твой зь зямлі жывых.

Убачаць праведнікі і напалохаюцца; пасьмяюцца зь іх і скажуць:

вось чалавек, які ня ў Богу закладваў цьвярдыню сваю, а спадзяваўся на мностьва багацьця свайго, мацаваўся ў злачынстве сваім.

А я, як аліва зялёная, у доме Божым; і надзею кладу на міласьць Божую на векі вечныя,

вечна буду славіць Цябе за тое, што Ты ўчыніў, і на Тваё спадзявацца імя, бо яно добрае перад сьвятымі Тваімі.