Кніга Псальмаў, псальм 67

Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Песьня.

Няхай паўстане Бог - і расьсеюцца ворагі Ягоныя, і хай ад аблічча Ягонага ўцякуць Яго ненавісьнікі!

Як дым разьвейваецца, так іх разьвей; як топіцца воск ад вагню, так бязбожнікі прад абліччам Божым хай загінуць!

А праведнікі хай узрадуюцца і ўсьцешацца прад Богам, і ўзьвесяляцца ў радасьці.

Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце імю Ягонаму, праслаўляйце Таго, Хто па нябёсах ідзе; Гасподзь імя Яму, - і прад абліччам Ягоным радуйцеся.

Сіротам Бацька і ўдовам судзьдзя Бог у сьвятой сялібе Сваёй!

Бог самотных уводзіць у дом, вызваляе вязьняў з кайданаў; а непакорлівыя застаюцца ў скварнай пустыні.

Божа! калі Ты выходзіў перад народам Тваім, калі Ты ішоў па пустыні,

зямля скаланалася, нават нябёсы плавіліся, ад аблічча Божага, і гэты Сінай - ад аблічча Бога, Бога Ізраілевага.

Шчодры дождж праліваў Ты, Божа, на Тваю спадчыну, і калі яна зьнемагала ад працы, Ты падмацоўваў яе.

Народ Твой там жыў; з даброці Тваёй, Божа, ты ўдзяляў беднаму.

Гасподзь дасьць слова: зьвястунак вялікае мноства.

«Цары войска ўцякаюць, уцякаюць, а тая, што дома сядзіць, дзеліць здабычу.

Калі спачываеце вы ў сваіх вотчынах, вы - як галубіца, у якое крылы срэбрам пакрытыя, а пёры чыстым золатам:

калі Ўсемагутны расьсеяў цароў на гэтай зямлі, яна забялела, быццам сьнег на Сэлмоне.

Гара Божая! - гара Васанская! гара высокая - гара Васанская!

Што ж вы зайздросьліва глядзіце, горы высокія, на гару, на якой Бог з добрай волі жыве, і Гасподзь жыцьме вечна!

Калясьніц Божых процьма, тысячы тысяч сярод іх; сярод іх Гасподзь на Сінаі, у сьвятыні.

Ты ўзышоў на вышыню, запалоніў палон, прыняў дары дзеля людзей, каб і адступнікі жыць маглі ў Госпада Бога.

Дабраславёны Бог кожны дзень, Бог ускладае на нас цяжар, але Ён і ратуе нас.

Бог нам - Бог на ратаваньне; ва ўладзе Госпада Ўладыкі брама сьмерці.

Але Бог патрушчыць голаў ворагам Сваім, валасатае цемя таго, хто ў грахах сваіх закасьцянеў.

Гасподзь сказаў: ад Васана вярну, выведу з прадоньня марскога,

каб ты апусьціў нагу тваю, як сабакі твае язык свой, у кроў ворагаў.

Бачылі шэсьце Тваё, Божа, шэсьце Бога майго, Цара майго ў сьвятыні:

наперадзе йшлі сьпевакі, ззаду ішлі музыкі, пасярэдзіне дзевы з тымпанамі:

«Дабраслаўляйце Бога Госпада на сходах, вы - ад семені Ізраілевага!»

Там Веньямін малодшы - іхні князь; князі Юдавы - уладыкі іхнія; князі Завулонавы, князі Нэфталімавы.

Бог твой наказаў табе сілу. Умацуй, Божа, тое, што Ты зрабіў нам!

Дзеля храма Твайго ў Ерусаліме цары прынясуць Табе дары.

Утаймуй зьвера ў трысьнягу, - статак валоў сярод цялят народаў, якія хваляцца зьліткамі срэбра; рассып народы, што бітваў прагнуць.

Прыйдуць вяльможы з Егіпта; Эфіопія рукі свае працягне да Бога.

Царствы зямныя! сьпявайце Богу, услаўляйце Госпада,

Які крочыць на нябёсах нябёсаў спрадвеку. Вось, Ён дае голасу Свайму голас моцы.

Узьнясеце славу Богу! веліч Ягоная - на Ізраіле, і магутнасьць Ягоная - на аблоках.

Грозны Ты, Божа, у Сьвятыні Тваёй. Бог Ізраілеў - Ён дае сілу і моц народу Свайму. Дабраславёны Бог!