Кніга Псальмаў, псальм 72

Псальма Асафава.

Які добры Бог да Ізраіля, да чыстых сэрцам!

А я - ледзь ногі мае не пахіснуліся, ледзь падэшвы мае не пакаўзнуліся, -

я быў ліхім пазайздросьціў, як пабачыў дабрадзенства бязбожных,

бо няма ім цярпеньняў да самае сьмерці, і сіла моцная ў іх;

на працы людзкой іх няма, і разам зь людзьмі яны ўціску ня знаюць.

Вось таму іхняя пыха, як нашыйнік, абклала іх, і дзёрзкасьць, як убор, аблягае іх;

вылазяць ім вочы ад тлушчу, жаданьні ў сэрцы іхнім варушацца,

сьмяюцца яны з усяго; зласьліва паклёпы наводзяць; ганарыста гавораць;

вусны свае ўзносяць да неба, - а іхні язык па зямлі валачэцца.

Таму туды ж зьвяртаецца народ ягоны, і п'юць ваду поўнаю чараю

і кажуць: «як уведае Бог? і ці мае Ўсявышні веданьне?»

І вось гэтыя грэшнікі песьцяцца на гэтым сьвеце і памнажаюць багацьце.

І сказаў я: ці ж не дарма ачышчаў я сэрца маё і ў нянавісьці абмываў мае рукі,

і ўвесь дзень я цярплю ўдары, і кожнае раніцы кару прымаю?

Калі б я сказаў: буду так разважаць, як яны, - дык здрадзіў бы роду сыноў Тваіх.

І задумаўся я, як зразумець гэта; але цяжка яно ў вачах маіх,

пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і не зразумеў іхняга канца.

Так! на коўзкіх шляхах паставіў Ты іх, і скідаеш іх у прорвішчы.

Як зьнянацку яны ўвайшлі ў спусташэньне, згінулі, зьніклі ад жахаў!

Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, Госпадзе, іх разбудзіўшы, зьнішчыш іхнія мроі.

Калі кіпела сэрца маё і трымцела нутрына мая,

быў я тады неразумны, нічога ня цяміў; як быдла быў я прад Табою.

Але заўжды я з Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку:

Ты вядзеш мяне паводле радаў Тваіх, і потым у славу прымаеш мяне.

Хто мне на небе? і з Табою нічога не хачу на зямлі.

Зьнемагае цела маё і сэрца маё; Бог - цьвярдыня сэрца майго і частка мая навечна,

бо вось гінуць усе, хто збочвае ад Цябе; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступаецца.

А мне добра набліжацца да Бога! На Госпада Бога паклаў я надзею маю, каб абвяшчаць усе дзеі Твае!