Кніга Псальмаў, псальм 88

Вучэньне Этана Эзрахіта.

Пра ласкі Твае, Госпадзе, буду сьпяваць вечна, з роду ў род абвяшчаць праўду Тваю вуснамі маімі,

бо кажу: будзе навек пакладзена ласка, на нябёсах уцьвердзіў Ты праўду Тваю, калі сказаў:

«Я склаў запавет з выбранцам Маім, прысягаўся Давіду, рабу Майму:

навечна ўгрунтую семя тваё, і твой род уладжу навечна».

І праславяць нябёсы дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, і праўду Тваю ў саборы сьвятых,

бо хто на нябёсах дараўнаецца з Богам? хто паміж сынамі Божымі спадобніцца Госпаду?

Грозны Бог у вялікім гурце сьвятых, грозны Ён усім, хто Яго атачае.

Госпадзе, Божа сіл! хто моцны, як Ты, Госпадзе? І праўда Твая навокал Цябе.

Ты валадарыш над лютасьцю мора; калі ўздымаюцца хвалі яго, Ты іх таймуеш.

Ты скінуў Раава, як пабітага; моцнаю мышцай Тваёю расьсеяў ворагаў Тваіх.

Твае - нябёсы і Твая - зямля; сусьвет, і што напаўняе яго, Ты заснаваў.

Поўнач і поўдзень Ты стварыў; Фавор і Ярмон зь імя Твайго радуюцца.

Моцная мышца Твая, дужая рука, высокая правіца Твая!

Правасудзьдзе й істасьць - аснова трона Твайго; любасьць і праўда прад абліччам Тваім ходзяць.

Дабрашчасны народ, які ведае трубны кліч! Яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе;

а зь імя Твайго радуюцца кожны дзень, і праўдаю Тваёю хваляцца,

бо Ты акраса сілы іхняе, і добраю воляй Тваёю ўзвышаецца рог наш.

Ад Госпада - шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраілевага цар наш.

Калісьці казаў Ты ва ўяве сьвятому Твайму і сказаў: «Я дапамог мужнаму, узьнёс абранца з народу.

Я здабыў Давіда, раба Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго.

Рука Мая будзе зь ім, і мышца Мая ўмацуе яго.

Вораг не пераможа яго, і сын беззаконьня ня ўцісьне яго.

Скрышу перад ім ворагаў ягоных, і паб'ю ненавісьнікаў ягоных,

і праўда Мая і ласка Мая зь ім, і Маім імем узвысіцца рог ягоны,

і пакладу на мора руку ягоную, і на рэкі - правіцу ягоную

Ён будзе клікаць мяне: Ты Бацька мой, Бог мой і цьвярдыня ратунку майго.

І Я зраблю яго першынцам, вышэйшым за цароў зямных,

навек захаваю яму ласку Маю, і запавет Мой зь ім будзе правільны.

І прадоўжу навечна семя ягонае, і ягоны трон - як дні неба.

Калі сыны ягоныя пакінуць закон Мой, і ня будуць хадзіць паводле наказаў Маіх;

калі парушаць пастановы Мае, і загадаў Маіх не захаваюць:

наведаю жазлом беззаконьне іхняе, і ўдарамі - няпраўду іхнюю;

а ласкі Маёй не пазбаўлю яго, і не зьмяню ісьціны Маёй.

Не парушу запавету Майго, і не памяняю таго, што выйшла з вуснаў Маіх,

Аднойчы прысягнуў сьвятасьцю Маёю: а ці зманю Давіду?

Семя ягонае будзе вечна, і трон ягоны, як сонца, прада Мною;

вечна будзе цьвёрды, як месяц, і сьведка праўдзівы на нябёсах».

Але Ты адкінуў і пагардзіў, угневаўся на памазанца Твайго;

занядбаў запавет з рабом Тваім, кінуў на зямлю вянок ягоны;

разбурыў усе агароджы ягоныя, абярнуў у руіны крэпасьці ягоныя.

Рабуюць яго ўсе, хто праходзіць дарогаю; пасьмешышчам стаўся ён суседзям сваім.

Ты ўзвысіў правіцу супраціўцаў ягоных, парадаваў усіх ворагаў ягоных.

Ты павярнуў назад лязо меча ягонага, і не ўмацаваў яго ў бітве;

адабраў у яго бляск, і трон ягоны скінуў долу;

скараціў дні маладосьці ягонай, і пакрыў яго сорамам».

Дакуль, Госпадзе, будзеш хавацца няспынна, будзе палаць лютасьць Твая, як вагонь?

Прыгадай, які век мой: на якую марноту стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых?

Хто зь людзей жыў - і ня бачыў сьмерці, выбавіў душу сваю ад рукі апраметнай?

Дзе ранейшыя міласьці Твае, Госпадзе? Ты прысягаў Давіду ісьцінай Тваёю.

Прыгадай, Госпадзе, паганьбеньне рабоў Тваіх, якое нашу я ў нетрах маіх ад усіх моцных народаў,

як бэсьцяць ворагі Твае, Госпадзе, як няславяць сьляды памазанца Твайго.

Дабраславёны Гасподзь навечна! Амін, амін!