Кніга Псальмаў, псальм 93

Псальма Давідава ў чацьвёрты дзень тыдня.

Божа помсты, Госпадзе. Божа помсты, акажы Сябе!

Паўстань, Судзьдзя зямлі, аддай ганарліўцам адплату.

Дакуль, Госпадзе, бязбожнікі, дакуль бязбожнікі радавацца будуць?

Яны вырыгаюць дзёрзкія словы; пышаюцца ўсе беззаконьнікі;

топчуць народ Твой, Госпадзе, прыгнятаюць спадчыну Тваю.

Удаву і прыхадня забіваюць, і мардуюць сіротак,

і кажуць: ня ўбачыць Гасподзь, і не даведаецца Бог Якаваў.

Схамянецеся, бязглуздыя людзі! калі вы паразумнееце, недавумкі?

Хіба Той, што вуха наставіў, не пачуе? і Той, Хто вока стварыў, ня ўбачыць?

Хто настаўляе народы, ці ж ня выкрые, - Той, Хто вучыць чалавека разуменьню?

Гасподзь ведае думкі чалавечыя, што яны марныя.

Дабрашчасны той чалавек, якога настаўляеш Ты, Госпадзе, і вучыш законам Тваім,

каб даць яму спакой у бядотныя дні, пакуль бязбожнаму будзе выкапана яма!

Бо не адкіне Гасподзь народу Свайго і не пакіне спадчыны Сваёй.

Бо суд вернецца да праўды, і за ім усе, хто шчырыя сэрцам.

Хто паўстане за мяне супроць злыдняў? хто стане за мяне супроць ліхадзеяў?

Калі б не Гасподзь быў мне памочнікам, неўзабаве ўсялілася б душа мая ў моўчу.

Калі я казаў: хістаецца нага мая, - ласка Твая, Госпадзе, падтрымала мяне.

Пры памнажэньні смуткаў маіх у сэрцы маім, суцяшэньні Твае душу маю шчасьцяць.

Ці стане каля Цябе седала душагубаў, якія гвалт намышляюць насуперак закону?

Натоўпам ідуць яны на душу праведніка, і асуджаюць кроў невінаватую.

Але Гасподзь - абарона мая, і Бог мой - цьвярдыня прытулку майго,

і аберне на іх беззаконьне іхняе, і зладзействам іхнім вынішчыць іх, вынішчыць іх Гасподзь Бог наш.