Адкрыццё Яна Багаслова, разьдзел 18

Пасьля гэтага ўбачыў я іншага анёла, які сыходзіў зь неба і меў уладу вялікую; зямля асьвятлілася ад славы ягонай.

І ўсклікнуў ён моцна, гучным голасам кажучы: упаў, упаў, Вавілоне, вялікая блудадзейка, зрабіўся жытлішчам дэманаў і прыстанкам усякаму нячыстаму духу, прыстанкам усякаму нячыстаму і агіднаму птаху; бо шалёным віном блудадзейства свайго яна напаіла ўсе народы;

і цары зямныя любаблуднічалі зь ёю, і купцы зямныя разбагацелі ад вялікай раскошы яе.

І пачуў я іншы голас зь неба, які казаў: выйдзі ад яе, народзе Мой, каб ня ўдзельнічаць вам у грахах яе і не наклікаць пошасьцяў яе;

бо грахі яе дайшлі да неба, і Бог узгадаў няпраўды яе.

Адплацеце ёй так, як яна плаціла вам, і ўдвая аддайце ёй па ўчынках яе; у чары, у якія яна налівала віно, налеце ёй удвая.

Колькі славіла яна сябе і раскашавала, столькі аддайце ёй пакутаў і гора. Бо яна кажа ў сэрцы сваім: сяджу царыцаю, я не ўдава, і ня ўбачу гора!

За тое ў адзін дзень прыйдуць на яе кары, сьмерць і плач і голад, і будзе спалена вагнём, бо моцны Гасподзь Бог, Які судзіць яе.

І заплачуць і загалосяць па ёй цары зямныя, што блудадзеялі і раскашавалі зь ёю, як убачаць дым ад пажару яе,

стоячы зводдаль у страху ад пакутаў яе і кажучы: гора, гора табе, вялікі горад Вавілоне, горад моцны! бо ў адначасьсе прыйшоў суд твой!

І купцы зямныя заплачуць і загалосяць па ёй, бо тавараў іхніх ніхто ўжо ня купляе.

Тавараў залатых і срэбраных, і камянёў каштоўных і жэмчугу, і вісону і парфіры, і шоўку і пурпуры, і ўсякага пахучага дрэва, і ўсякіх вырабаў са слановай касьці, і ўсякіх вырабаў з дарагіх дрэваў, зь медзі і жалеза і мармуру,

карынкі і фіміяму, міры і ладану, і віна і алею, і мукі і пшаніцы, і быдла і авечак, і коней і калясьніц, і целаў і душ чалавечых.

І пладоў, што даспадобы душы тваёй, ня стала ў цябе, і ўсё сытае і бліскучае аддалілася ад цябе, - і ты ўжо ня знойдзеш яго.

Хто гандляваў усім гэтым, узбагаціўся ад яе, стануць здалёку, у страху ад пакутаў яе, плачучы і галосячы

і кажучы: гора, гора табе, вялікі горад, адзеты ў вісон і парфіру і пурпуру, аздоблены золатам і камянямі каштоўнымі і жэмчугам,

бо ў адначасьсе счэзла такое багацьце! І кормнікі ўсе і кожны, хто плыве на караблях, і ўсе карабельнікі, і ўсе, хто гандлюе на моры, сталі здалёк

і, бачачы дым ад пажару яе, залямантавалі, кажучы: які горад падобны вялікаму гораду!

І пасыпалі попелам галовы свае і лямантавалі, плачучы і галосячы: гора, гора табе, горад вялікі, каштоўнасьцямі якога ўзбагаціліся ўсе, хто мае караблі на моры! бо апусьцеў у адначасьсе.

Радуйся з гэтага, неба, і сьвятыя апосталы і прарокі, бо ўчыніў Бог суд ваш над ім.

І адзін дужы анёл узяў камень, падобны на вялікі жарон, і ўкінуў у мора, кажучы: з такою сілаю будзе павалены Вавілон, вялікі горад, і ўжо ня будзе яго;

і галасы гусьляроў і песьняроў, і жалейнікаў і тых, што трубяць у трубы, у табе больш чутныя ня будуць; ня будзе ўжо ў табе ніякага мастака, ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў ня будзе ўжо чутно ў табе;

і сьвятло сьветача ўжо ня зьявіцца ў табе: бо купцы твае былі вяльможы зямлі, і чарадзействам тваім зьведзены ў зман усе народы.

І ў ім знойдзена кроў прарокаў і сьвятых і ўсіх забітых на зямлі.