Першае пасланьне да Цімафея, разьдзел 4

А Дух выразна кажа, што ў астатнія часы некаторыя адыйдуць ад веры, зважаючы на духаў падманлівых і вучэньні дэманавы, якія праз крывадушнасьць тых, якія кажуць фальшыва і выпалілі сумленьне сваё, якія забараняюць жаніцца, [кажуць] высьцерагацца ежы, якую Бог стварыў дзеля спажываньня з падзякай вернымі і тымі, якія пазналі праўду. Бо ўсякае стварэньне Божае добрае, і нішто ня мае быць адкінутым, што прыймаецца з падзякаю, бо асьвячаецца праз слова Божае і малітву. Прадстаўляючы гэта братам, будзеш добрым служыцелем Ісуса Хрыста, спасіленым словамі веры і добрым навучаньнем, за якімі ты пайшоў сьледам. А паганых і бабскіх баек цурайся, але практыкуйся ў пабожнасьці. Бо цялеснае практыкаваньне мала карыснае, а пабожнасьць на ўсё карысная, маючы абяцаньне жыцьця цяперашняга і будучага. Вернае [гэта] слова і ўсякага прыняцьця вартае. Бо мы дзеля гэтага і працуем, і зьнявагі церпім, што спадзяемся на Бога Жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найбольш — верных. Загадвай гэта і навучай. Няхай ніхто не пагарджае маладосьцю тваёй, але будзь прыкладам для верных у слове, у ладзе жыцьця, у любові, у духу, у веры, у чысьціні. Пакуль прыйду, займайся чытаньнем, пацяшаньнем, навучаньнем. Не занядбоўвай дару [ласкі], што ў табе, які дадзены табе праз прароцтва, з ускладаньнем рук старостаў. Гэта абдумвай, у гэтым будзь, каб посьпех твой быў яўны для ўсіх. Захоўвай сябе і вучэньне, трывай у гэтым, бо, гэтак робячы, і сябе збавіш, і тых, якія слухаюць цябе.