Другое пасланьне да Цімафея, разьдзел 2

Дык ты, дзіця маё, умацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце Ісусе, і, што чуў ад мяне праз многіх сьведкаў, тое перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і іншых навучыць. Дык перанось цяжкасьці, як добры жаўнер Ісуса Хрыста. Ніхто з тых, хто змагаецца, ня зьвязвае сябе справамі жыцьцёвымі, каб падабацца таму, хто яго ўзяў у войска. І калі хто спаборнічае, не атрымае вянка, калі будзе спаборнічаць незаконна. Земляроб, які працуе, мусіць першы спажываць плады. Разумей, што кажу. Няхай жа дасьць табе Госпад разуменьне ў-ва ўсім. Памятай пра Ісуса Хрыста, з насеньня Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле Эвангельля майго, у якім пераношу цяжкасьці аж да путаў, як злачынца, але слова Божага нельга зьвязаць. Дзеля гэтага я ўсё трываю дзеля выбраных, каб і яны дасягнулі збаўленьня, што ў Хрысьце Ісусе, з вечнаю славаю. Вернае слова, што калі мы памерлі з Ім, і жыць будзем з Ім; калі трываем [з Ім], і валадарыць будзем з Ім; калі адрачэмся [ад Яго], і Ён адрачэцца ад нас; калі мы ня верым, Ён застаецца верным, бо ад Сябе адрачыся ня можа. Гэта нагадвай, сьведчачы перад Госпадам, каб не спрачаліся дзеля словаў, што нічога не дае, а руйнуе тых, якія слухаюць. Намагайся паставіць сябе перад Богам вартым, работнікам, які ня будзе асаромлены, які слушна пераказвае слова праўды. А паганага марнаслоўя пазьбягай, бо яны яшчэ больш будуць узрастаць у бязбожнасьці, і слова іхняе, як гангрэна, будзе мець пажыву. Гэтакія Гімэнэй і Філет, якія адхіліліся ад праўды, кажучы, што ўваскрасеньне ўжо было, і руйнуюць у некаторых веру. Але цьвёрды падмурак Божы стаіць, маючы гэтакую пячатку: «Ведае Госпад тых, якія Яго», і: «Няхай адыйдзецца ад няправеднасьці кожны, хто называе імя Хрыста». А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўляны, і гліняны; і адзін — у пашане, а другі — у ганьбе. Дык калі хто ачысьціць сябе ад гэтага, той будзе пасудзінаю ў пашане, асьвячонаю і патрэбнаю Ўладару, падрыхтаванаю на ўсякую добрую справу. Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а імкніся да праведнасьці, веры, любові, супакою з тымі, хто прызывае Госпада ад чыстага сэрца. Ад дурных і бязглуздых спрэчак адмаўляйся, ведаючы, што яны нараджаюць звадкі; а слуга Госпада ня мусіць вадзіцца, але быць ветлівым да ўсіх, здольным навучаць, цярплівым, у ціхасьці настаўляць тых, якія працівяцца, ці ня дасьць ім Бог навяртаньня дзеля пазнаньня праўды, каб яны вызваліліся з пасткі д’яблавай, які злавіў іх пад сваю волю.