Трэцяе пасланьне Яна Багаслова

Староста — улюбёнаму Гаю, якога я люблю ў праўдзе. Улюбёны! Малюся, каб ты быў здаровы і пасьпяховы ў-ва ўсім, як пасьпяховая душа твая. Бо я вельмі ўзрадаваўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю праўду, як ты ходзіш у праўдзе. Для мяне няма большай радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у праўдзе. Улюбёны! Ты робіш вернае ў тым, што робіш для братоў і для чужынцаў, якія засьведчылі перад царквою пра тваю любоў. Ты добра зробіш, правёўшы іх, як належыцца перад Богам, бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, нічога ня ўзяўшы ад паганаў. А мы павінны прыймаць гэтакіх, каб стацца супрацоўнікамі праўдзе. Я пісаў царкве, але Дыятрэф, які любіць у іх быць першым, не прызнае нас. Дзеля гэтага, калі я прыйду, нагадаю пра ўчынкі ягоныя, якія ён робіць, абмаўляючы нас злымі словамі; і не задавольваючыся гэтым, і сам не прызнае братоў, і тым, якія хочуць, забараняе, і выганяе з царквы. Улюбёны! Не пераймай ліхое, але добрае. Хто робіць дабро, той ад Бога; а хто робіць ліхое, ня бачыў Бога. Пра Дэмэтрыя засьведчана ўсімі і самой праўдаю, і мы сьведчым, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае праўдзівае. Шмат меў я пісаць, але не хачу пісаць табе атрамантам і трысьцінай, а спадзяюся неўзабаве пабачыць цябе і гаварыць вуснамі ў вусны. Супакой табе! Вітаюць цябе сябры; прывітай сяброў паіменна.