Дзеі сьвятых апосталаў, разьдзел 14

Сталася ж у Іконіі, што ўвайшлі яны разам у сынагогу Юдэйскую і гаварылі гэтак, што паверыла вялікае мноства Юдэяў і Грэкаў. А Юдэі, якія ня верылі, паднялі і раз’юшылі супраць братоў душы паганаў. Аднак яны былі там даволі часу, адважна гаворачы пра Госпада, Які сьведчыў пра слова ласкі Сваёй і чыніў знакі і цуды праз рукі іхнія. І падзялілася мноства ў горадзе, і адны былі з Юдэямі, а другія — з апосталамі. А калі пагане і Юдэі з начальнікамі сваімі намерваліся зьняважыць і ўкаменаваць іх, яны, даведаўшыся, уцяклі ў гарады Лікаонскія Лістру і Дэрбу, і ў ваколіцу, і былі там, дабравесьцячы. І нейкі чалавек у Лістры, немачны на ногі, сядзеў, бо ад чэрава маці сваёй быў кульгавы і ніколі не хадзіў. Ён слухаў Паўла, які гаварыў, і той, глянуўшы на яго і бачачы, што ён мае веру дзеля збаўленьня, сказаў моцным голасам: «Стань на ногі твае проста!» І ён падскочыў, і хадзіў. А натоўп, бачачы, што зрабіў Павал, падняў голас свой, кажучы па-лікаонску: «Богі, падобныя да людзей, зыйшлі да нас!» І называлі Барнабу Зэўсам, а Паўла — Гермэсам, бо ён быў правадыром у слове. А сьвятар Зэўса, што стаяў перад горадам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі да брамаў, хацеў разам з натоўпам закалоць іх [у ахвяру]. Апосталы ж Барнаба і Павал, пачуўшы [пра гэта], разьдзёршы адзеньне сваё, кінуліся ў натоўп, крычучы і кажучы: «Мужы! Што вы гэта робіце? І мы падобныя да вас людзі, якія дабравесьцім вам, каб адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога Жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, Які ў мінулых пакаленьнях пакінуў усе народы хадзіць сваімі шляхамі, ды не пакінуў сьведчыць пра Сябе, робячы дабро, даючы нам з неба дажджы і поры ўраджайныя, напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя!» І, гаворачы гэтае, ледзь супакоілі натоўп, каб не заколвалі [ахвяры] для іх. А з Антыёхіі і Іконіі прыйшлі Юдэі і, намовіўшы народ і ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі яго за горад, думаючы, што ён памёр. Калі ж акружылі яго вучні, ён, устаўшы, увайшоў у горад і на заўтра выйшаў з Барнабам у Дэрбу. І дабравесьціўшы гэтаму гораду, і навучыўшы многіх, яны вярнуліся ў Лістру і Іконію, і Антыёхію, умацоўваючы душы вучняў, просячы трываць у веры і што праз шмат мукаў мусім мы ўвайсьці ў Валадарства Божае. А рукапаклаўшы ім старостаў у кожнай царкве, яны, памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога яны паверылі. І, прайшоўшы праз Пісыдыю, прыйшлі ў Памфілію. І, прамовіўшы слова ў Пэргіі, зыйшлі ў Аталію. Адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзеныя ласцы Божай на справу, якую выканалі. Прыйшоўшы і сабраўшы царкву, яны расказалі, што ўчыніў з імі Бог і як расчыніў дзьверы веры паганам. І былі яны там немалы час з вучнямі.