Дзеі сьвятых апосталаў, разьдзел 20

А калі сьціхла замяшаньне, Павал, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, пайшоў, каб ісьці ў Македонію. Прайшоўшы ж тыя краіны і многімі словамі падбадзёрыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю. І прабыўшы тры месяцы, калі сталася змова супраць яго ў Юдэяў, вырушыў у Сірыю, і прыйшла яму думка вярнуцца праз Македонію. А праводзілі яго да Азіі Сапатэр з Бэрэі, а з Тэсалонцаў — Арыстарх і Сэкунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з Азійцаў — Тыхік і Трафім. Яны, апярэдзіўшы, чакалі на нас у Траадзе. А мы паплылі былі пасьля дзён праснакоў з Філіпаў і праз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе былі сем дзён. А ў першы дзень пасьля суботы, калі вучні сабраліся пераламіць хлеб, Павал вёў гутарку з імі, маючы на заўтра выйсьці, і зацягнуў слова да паўночы. Было ж даволі лямпаў у залі, дзе яны сабраліся. А нейкі юнак, на імя Эўтых, які сядзеў на вакне і глыбока заснуў, як Павал доўга вёў гутарку, змораны ў сьне, упаў з трэцяга паверху ўніз і быў падняты мёртвы. Павал жа, зыйшоўшы, упаў да яго і, абняўшы, сказаў: «Не хвалюйцеся, бо душа ягоная ў ім». І, узыйшоўшы і пераламіўшы хлеб, і пакаштаваўшы, гутарыў даволі аж да сьвітаньня, і гэтак пайшоў. А хлопца таго прывялі жывога і ўсьцешыліся нямала. А мы, пайшоўшы наперад да карабля, вырушылі ў Ас, маючы забраць адтуль Паўла, бо гэтак ён загадаў, маючы сам ісьці пехатою. Калі ж ён зыйшоўся з намі ў Асе, узяўшы яго, мы прыйшлі ў Мітылену. Паплыўшы адтуль, мы на заўтра былі насупраць Хіёса, а на наступны дзень прысталі да Самосу і, пабыўшы ў Трагільлі, наступнага дня прыйшлі ў Мілет, бо Павал судзіў абмінуць Эфэс, каб не губляць часу ў Азіі, бо ён сьпяшаўся быць, калі магчыма, у дзень Пяцідзясятніцы ў Ерусаліме. А з Мілету, паслаўшы ў Эфэс, ён паклікаў старостаў царквы. Калі ж яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: «Вы ведаеце, як я ад першага дня, у які прыйшоў у Азію, увесь час быў з вамі, служачы Госпаду з усёй пакораю і з многімі сьлязьмі і спакусамі, якія здараліся са мною ад змоваў Юдэйскіх, як не абмінуў я нічога карыснага, каб не абвясьціць вам і не навучаць вас перад грамадою і па дамах, сьведчачы і Юдэям, і Грэкам пра навяртаньне да Бога і пра веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста. І вось цяпер, зьвязаны Духам, іду я ў Ерусалім, ня ведаючы, што там сустрэне мяне, адно Дух Сьвяты сьведчыць па гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і прыгнёт. Але я аніяк не зважаю на гэта і ня дбаю пра сваё жыцьцё, абы толькі ў радасьці скончыць бег мой і служэньне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса — сьведчыць пра Эвангельле ласкі Божае. І цяпер вось ведаю, што больш ня ўгледзіце аблічча майго вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Божае. Дзеля гэтага сьведчу вам у сёньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх, бо не ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую. Дык сьцеражыце самі сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас за епіскапаў пасьвіць царкву Божую, якую Ён здабыў уласнай крывёю. Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго прыйдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня будуць шкадаваць статак, і спасярод вас саміх паўстануць людзі, якія будуць гаварыць сапсавана, каб пацягнуць вучняў за сабою. Дзеля гэтага чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў са сьлязьмі настаўляць кожнага з вас. І цяпер я аддаю вас, браты, Богу і слову ласкі Ягонае, што можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі, хто асьвечаны. Ані срэбра, ані золата, ані адзеньня я ні ад каго не жадаў. Вы ж самі ведаеце, што ў патрэбах маіх і тых, што былі са мною, паслугавалі рукі гэтыя. У-ва ўсім перасьцерагаў я вас, што, гэтак працуючы, мусім падтрымліваць нядужых і памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: “Шчасьлівей даваць, чым браць”». І, сказаўшы гэтае і ўкленчыўшы, ён маліўся з імі ўсімі. Стаўся ж вялікі плач ва ўсіх, і кідаючыся на шыю яму, цалавалі яго, сумуючы найбольш дзеля слова, якое ён сказаў, што ўжо больш ня будуць бачыць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.