Кніга Эклезіяста, разьдзел 4

І я павярнуўся, i ўбачыў усякі прыгнёт, якi робіцца пад сонцам, i вось, слёзы прыгнечаных, і няма для іх суцяшэньня; і ў руцэ прыгнятальнiкаў — сіла, і няма для іх суцяшэньня. І я больш пахвалiў памёршых, якія ўжо памерлi, чым жывых, якія яшчэ жывуць. А лепшы за іх абодвух той, якога яшчэ няма, які ня бачыў лiхiя справы, што робяцца пад сонцам. І ўбачыў я, што кожная цяжкая праца i кожны посьпех у справах выклiкае зайздрасьць да чалавека ў блiжняга [ягонага]. Гэта таксама марнасьць i пагоня за ветрам. Дурань складвае рукi свае i зьядае цела сваё. Лепшая адна поўная жменя са спакоем, чым абедзьве жмені напоўненыя, а з імі цяжкая праца i пагоня за ветрам. I я павярнуўся, і ўбачыў марнасьць пад сонцам. [Чалавек] адзін, i няма другога, таксама няма анi сына, анi брата ў яго, і няма канца ўсёй цяжкай працы ягонай, i вока ягонае не насычаецца багацьцем, [і кажа ён:] “Для каго я працую i пазбаўляю душу сваю дабра?” Гэта таксама марнасьць і кепскі занятак. Лепш двум, чым аднаму, таму што маюць добрую ўзнагароду за цяжкую працу сваю. Бо калi адзiн упадзе, другi падніме таварыша свайго. Але гора аднаму, як ён упадзе, і няма другога, каб падняць яго. Таксама, калi ляжаць двое, будзе цёпла ім; а як адзiн можа сагрэцца? I, калi хто зможа перамагчы аднаго, дык двое супрацьстануць яму, i вяроўка патройная ня хутка парвецца. Лепш хлопец бедны i мудры, чым валадар стары i дурны, які ня можа ўжо прыймаць парады. Бо той выходзіць з вязьніцы, каб валадарыць, а гэты ў валадарстве сваім можа стаць бедаком. І я бачыў усіх, хто жыве і ходзіць пад сонцам, з тым хлопцам, другiм, які стане на месца ягонае. Няма канца ўсяму народу, усiм, якiя былі перад ім, але тыя, што пасьля будуць, ня будуць радавацца дзеля яго. I гэта таксама марнасьць i турбаваньне духа. Захоўвай ногі свае, калі ідзеш у дом Божы, і набліжайся туды, каб слухаць, а не складаць ахвяры як дурні, бо яны ня маюць веданьня, робячы зло.