Пасланьне да Эфэсянаў, разьдзел 6

Дзеці, слухайцеся бацькоў сваіх у Госпадзе, бо ў гэтым праведнасьць. «Шануй бацьку твайго і маці», — гэта першае прыказаньне з абяцаньнем: «каб было табе добра, і быў ты даўгалетнім на зямлі». І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у дысцыплінаваньні і напамінаньні Госпадавым. Слугі, слухайцеся гаспадароў паводле цела, са страхам і трымценьнем, у шчырасьці сэрца вашага, як Хрыста, не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджаюць, але як слугі Хрыстовыя, якія выконваюць волю Божую ад душы, з зычлівасьцю служачы Госпаду, а ня людзям, ведаючы, што кожны, хто зробіць добрае, атрымае тое самае ад Госпада, ці ён нявольнік, ці вольны. І вы, гаспадары, тое самае рабіце ім, паслабляючы пагрозы, ведаючы, што і ў вас саміх Госпад ёсьць у небе, і ў Яго няма ўзіраньня на аблічча. Нарэшце, браты мае, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ва ўладзе магутнасьці Яго. Апраніцеся ў-ва ўсю зброю Божую, каб маглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла, бо нашая барацьба ня супраць крыві і цела, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сусьветных дзяржаўцаў цемры гэтага веку, супраць духаў зласьлівасьці ў нябёсах. Дзеля гэтага вазьміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у дзень злы і, усё зрабіўшы, застацца стаяць. Дык станьце, падперазаўшы паясьніцу вашую праўдаю, і апрануўшы панцыр праведнасьці, і абуўшы ногі ў гатовасьць дабравесьціць супакой, і па-над усё ўзяўшы шчыт веры, якім зможаце затушыць усе распаленыя стрэлы злога. І шалом збаўленьня прыйміце, і меч Духа, які ёсьць слова Божае. Усякаю малітваю і просьбаю маліцеся ў-ва ўсякі час у Духу, і ва ўсім гэтым чувайце з усёй настойлівасьцю і просьбамі за ўсіх сьвятых і за мяне, каб мне дадзена было слова, адчыніўшы вусны мае, адважна паведамляць таямніцу Эвангельля, дзеля якога я спаўняю пасольства ў ланцугах, каб у ім я гаварыў адважна, як і мушу гаварыць. А каб і вы ведалі пра мяне, што я раблю, усё вам паведаміць Тыхік, улюбёны брат і верны служыцель у Госпадзе, якога я і паслаў да вас дзеля гэтага самага, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя. Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста. Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незьнішчальнасьці. Амэн.