Паводле Лукаша сьвятое дабравесьце, разьдзел 14

І сталася прыйсьці Яму ў суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зьесьці хлеба, і яны сачылі за Ім. І вось, быў перад Ім нейкі апухлы чалавек. І, адказваючы, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям, кажучы: «Ці належыцца аздараўляць у суботу?» Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, Ён аздаравіў яго і адпусьціў. І, адказваючы ім, сказаў: «Калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе ў калодзеж, ці не адразу выцягне яго ў дзень суботні?» І не маглі яны з Ім пра гэта спрачацца. І сказаў тым, якія былі запрошаныя, прыповесьць, угледзеўшы, як яны выбіралі першыя месцы, і кажучы ім: «Калі запросіць цябе нехта на вясельле, не ўзьлягай на першае месца, каб не было каго паважнейшага за цябе паміж запрошаных ім. І той, які запрасіў цябе і яго, падыйшоўшы, скажа табе: “Дай яму месца”, і тады ты з сорамам павінен будзеш сесьці на апошняе месца. Але, калі будзеш запрошаны, прыйшоўшы, узьлягай на апошняе месца, каб той, які запрасіў цябе, калі падыйдзе, сказаў табе: “Сябра, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе слава перад тымі, што ўзьлягаюць разам з табою. Бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны». Сказаў жа і таму, які запрасіў Яго: «Калі ладзіш бяседу ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў тваіх, ані суседзяў багатых, каб і яны цябе не запрасілі, і ты атрымаў бы нагароду. Але калі ты ладзіш пачастунак, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых. І шчасьлівы ты будзеш, што яны ня змогуць адгадзіцца табе, бо адгодзіцца табе ва ўваскрасеньне праведных». Пачуўшы гэта, нехта з тых, якія ўзьлягалі, сказаў Яму: «Шчасьлівы, хто будзе есьці хлеб у Валадарстве Божым». Ён жа сказаў яму: «Нейкі чалавек справіў вялікую вячэру, і паклікаў многіх, і ў гадзіну вячэры паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыходзьце, бо ўжо ўсё падрыхтавана”. І пачалі ўсе па чарзе выбачацца. Першы сказаў яму: “Я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і паглядзець яе; прашу цябе, выбач мне”. І другі сказаў: “Я купіў пяць параў валоў і іду выспрабаваць іх; прашу цябе, выбач мне”. І другі сказаў: “Я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці”. І, вярнуўшыся, слуга той паведаміў гэтае пану свайму. Тады, загневаўшыся, гаспадар дому сказаў слузе свайму: “Ідзі хутчэй па вуліцах і завулках гораду і прывядзі сюды і ўбогіх, і калекаў, і кульгавых, і сьляпых”. І сказаў слуга: “Пане! Сталася, як ты сказаў, і яшчэ ёсьць месцы”. І сказаў пан слузе: “Ідзі на дарогі і да платоў і змушай прыйсьці, каб напоўніўся дом мой, бо кажу вам, што ніхто з тых мужоў, што былі запрошаныя, не пакаштуе маёй вячэры”». І сабраліся шматлікія натоўпы да Яго, і, павярнуўшыся, Ён сказаў ім: «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зьненавідзіць бацьку свайго і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сёстраў, а пры тым і саму душу сваю, той ня можа быць вучнем Маім. І хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім. Бо хто з вас, хочучы пабудаваць вежу, сеўшы спачатку, не аблічыць выдаткаў, ці мае, каб дакончыць яе, каб, калі закладзе падмурак і ня здолее дакончыць, усе, якія гэта бачылі, ня сталі сьмяяцца з яго, кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і ня здолеў дакончыць!” Або які валадар, ідучы на вайну супраць другога валадара, сеўшы спачатку, не парадзіцца, ці магчыма з дзесяцьцю тысячамі супрацьстаць таму, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі. Калі ж не, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства прасіць міру. Гэтак усякі з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць вучнем Маім. Соль добрая; калі ж соль згубіць сілу, чым прыправіць яе? Ані ў зямлю, ані ў гной яна не надаецца, вон выкідаюць яе. Хто мае вушы чуць, няхай чуе».