Паводле Мацьвея сьвятое дабравесьце, разьдзел 17

І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і вядзе іх на гару высокую адных. І Ён перамяніўся перад імі, і сьвяцілася аблічча Ягонае, як сонца, а шаты Ягоныя сталіся белыя, як сьвятло. І вось, зьявіліся ім Майсей і Ільля, ведучы гутарку з Ім. Адказваючы, Пётар сказаў Ісусу: «Госпадзе! Добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлі». Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае ахінула іх; і вось, голас з воблака, які кажа: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне; Яго слухайце». І, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і моцна спужаліся. І Ісус, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і ня бойцеся!2 Падняўшы ж вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса. І як зыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра гэты відзеж, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых». І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Чаму ж кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці спачатку?» А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Ільля сапраўды прыйдзе спачатку і направіць усё. А Я кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, але ўчынілі з ім, як хацелі; гэтак і Сын Чалавечы мае перацярпець ад іх». Тады вучні зразумелі, што Ён казаў ім пра Яна Хрысьціцеля. І як прыйшлі яны да натоўпу, падыйшоў да Яго чалавек, падаючы перад ім на калені і кажучы: «Госпадзе! Зьлітуйся над сынам маім, ён люнатык і цяжка церпіць; бо часта кідаецца ў вагонь і часта ў ваду. І я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго». Ісус жа, адказваючы, сказаў: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне сюды». І забараніў яму Ісус, і дэман выйшаў з яго, і хлопец быў аздароўлены ў тую гадзіну. Тады вучні, падыйшоўшы да Ісуса насамоце, сказалі: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?» А Ісус сказаў ім: «Дзеля недаверства вашага. Бо сапраўды кажу вам: калі вы маеце веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гары гэтай: “Перайдзі адгэтуль туды”, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчымым для вас. Гэты ж род выходзіць толькі праз малітву і пост». Калі ж былі яны ў Галілеі, Ён сказаў ім: «Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне». І яны дужа засмуціліся. Калі ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, падыйшлі да Пятра зьбіральнікі дыдрахмаў і сказалі: «Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?» Ён кажа: «Так». І калі ён увайшоў у дом, Ісус папярэдзіў яго, кажучы: «Як ты думаеш, Сымоне, валадары зямныя з каго бяруць мыта ці даніну, ці са сваіх сыноў, ці з чужых?» Пётар кажа Яму: «З чужых». Сказаў яму Ісус: «Значыцца, сыны вольныя. Але, каб нам не згаршаць іх, пайшоўшы на мора, кінь вуду, і першую рыбу, якая пападзецца, вазьмі, і, расчыніўшы ёй рот, знойдзеш статыр; узяўшы яго, аддай ім за Мяне і за сябе».