Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 13

Мудры сын [слухае] настаўленьне бацькі, а насьмешнік ня слухае дакараньня. З плоду вуснаў сваіх чалавек будзе жывіцца дабром, а душа ліхадзеяў — гвалтам. Хто захоўвае вусны свае, захоўвае душу сваю, а хто шырока адкрывае свой рот, будзе мець зьнішчэньне. Душа гультая жадае і ня мае нічога, а душа руплівага будзе насычаная. Праведнік ненавідзіць слова хлусьлівае, а бязбожнік ганьбіць і зьневажае [сябе]. Праведнасьць захоўвае таго, хто беззаганны ў шляху [сваім], а бязбожнасьць губіць грэшніка. Адзін выдае сябе за багатага, нічога ня маючы, іншы выдае сябе за беднага, маючы шмат багацьця. Выкуп душы чалавека — багацьце ягонае, а бедны пагрозы ня чуе. Сьвятло праведных радасна зьзяе, а сьветач бязбожнікаў стухне. Пыхлівасьць толькі да звадкі прыводзіць, а ў тых, што парады прыймаюць, — мудрасьць. Багацьце, [здабытае] марным чынам, змалее, а хто зьбірае яго рукою сваёю, — памнажае яго. Спадзяваньне, якое доўжыцца, — боль сэрца, а зьдзейсьненае жаданьне — дрэва жыцьця. Хто пагарджае Словам, той будзе зьнішчаны, а хто баіцца прыказаньняў, атрымае ўзнагароду. Закон мудрага — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці. Добры розум дае зычлівасьць, а шлях ліхадзеяў цяжкі. Кожны разумны дзейнічае з веданьнем, а дурны выяўляе неразумнасьць. Бязбожны пасланец трапляе ў бяду, а верны пасол — аздараўленьне. Галеча і ганьба таму, хто адкідае настаўленьне, а той, хто прыймае дакараньні, будзе ў пашане. Споўненае жаданьне — асалода для душы, але адвярнуцца ад зла — агіда для дурня. Хто ходзіць з мудрым, будзе мудрым, а хто сябруе з дурнем, загалосіць. Ліха гоніцца за грэшнікамі, а праведным будзе аднагароджана дабром. Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшнікаў захоўваецца для праведных. Многа хлеба і на ніве бедных, але некаторыя гінуць, бо няма суду. Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына свайго, а хто любіць яго, той з маленства настаўляе яго. Праведнік есьць і насычае душу сваю, а нутро бязбожнікаў будзе ў нястачы.