Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 22

Лепш [добрае] імя, чым вялікія багацьці, лепш добрая слава, чым срэбра і золата. Багаты і бедны сустракаюцца, Творца іх усіх — ГОСПАД. Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя. [Нагарода] за пакору і страх перад ГОСПАДАМ — багацьце, і слава, і жыцьцё. Церні і пасткі на шляху крывадушнага, а хто захоўвае душу сваю, той аддаляецца ад іх. Пастаў юнака на слушны шлях, і ён ня збочыць з яго, нават калі састарэе. Багаты пануе над бедным, і чалавек, які ўзяў пазыку, — слуга паверніка. Хто сее беззаконьне, той будзе жаць ліха, і кій гневу ягонага будзе зьнішчаны. Хто мае добрае вока, той будзе дабраслаўлёны, бо з хлеба свайго дае ўбогаму. Выгані насьмешніка, і адыйдзе звадка, і суцішацца спрэчкі і абразы. Хто любіць чыстасьць сэрца, у таго ласка на вуснах яго, і валадар з ім сябруе. Вочы ГОСПАДА захоўваюць веданьне, Ён касуе словы ліхадзея. Гультай кажа: «Леў на двары, пасярод плошчы буду забіты». Вусны чужаніцы — глыбокая яма, на каго загневаўся ГОСПАД, той уваліцца туды. Дурасьць прывязаная да сэрца юнака, але дубец настаўленьня выганіць яе. Хто ўціскае ўбогага, каб памножыць сваё, і дае багатаму, той згалее. Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё зьвярні да ведаў маіх, бо цудоўна будзе, калі захаваеш іх у нутры тваім, і будуць яны таксама на вуснах тваіх, каб пэўнасьць твая была ў ГОСПАДЗЕ, я вучу цябе сёньня. Ці ж не пісаў я табе тройчы парады і навучаньні, каб паведаміць табе дакладныя словы праўды, каб ты мог перадаць словы праўды тым, што паслалі цябе? Не абдзірай убогага, таму што ён убогі, і не ўціскай прыгнечанага каля брамы, бо ГОСПАД будзе бараніць у справе іхняй і адбярэ душу ў тых, што іх абіраюць. Не сябруй з васпанам гняўлівым і з чалавекам нястрыманым не хадзі, каб ты не навучыўся сьцежкам яго і не нацягнуў пятлі на душу тваю. Ня будзь з тых, што даюць руку, што заручаюцца за даўгі. Калі ня маеш, чым заплаціць, навошта маюць забраць з-пад цябе ложак твой? Не перасоўвай мяжы старадаўняй, якую вызначылі бацькі твае. Ці бачыў ты чалавека, спраўнага ў занятку сваім? Перад абліччам валадароў ён будзе стаяць, ня будзе ён стаяць перад прасьцякамі.