Кніга Псальмаў, псальм 109

Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Божа, хвала мая, не маўчы! Бо вусны бязбожныя і вусны здрадлівыя расчыніліся супраць мяне, гавораць са мною языком хлусьлівым. І словамі нянавісьці атачылі мяне, і ваююць супраць мяне без прычыны. За любоў маю яны супрацьстаяць мне; а я малюся. Яны заплацілі мне злом за дабро, і нянавісьцяй — за любоў маю. Пастаў над ім бязбожніка, і шатан няхай стане праваруч яго; калі будзе суджаны, няхай будзе як бязбожнік, а малітва ягоная няхай станецца грэхам. Няхай дні ягоныя будуць кароткія, а ўрад ягоны няхай возьме іншы. Няхай сыны ягоныя будуць сіротамі, а жонка ягоная — удавою. Няхай выгнаныя, будуць выгнанцамі сыны ягоныя, і няхай жабруюць і шукаюць [хлеба] на руінах сваіх! Няхай захопіць ліхвяр усё, што яму належыць, і няхай чужынцы захопяць працу ягоную. Няхай ня будзе нікога, хто яму зьявіць міласэрнасьць, і няхай ня будзе таго, хто зьлітуецца над сіротамі ягонымі. Насеньне ягонае няхай будзе зьнішчана; у пакаленьні наступным няхай будзе выкрэсьленае імя ягонае! Няхай будзе ўзгаданае беззаконьне бацькоў ягоных перад ГОСПАДАМ, і грэх маці ягонай няхай ня будзе змыты! Няхай будуць яны перад ГОСПАДАМ заўсёды, і няхай Ён вынішчыць на зямлі памяць пра яго, бо ён не памятаў, каб чыніць міласэрнасьць, і перасьледаваў чалавека беднага і прыгнечанага, і з сэрцам зламаным, каб забіць яго. Любіў ён праклён, і ён прыйдзе на яго! Не было даспадобы яму дабраслаўленьне, і яно будзе далёка ад яго! І ён апранецца праклёнам, быццам шатай сваёй, і ён увойдзе, як вада, у нутро ягонае, і як алей, — у косткі ягоныя! Няхай будзе яму як адзеньне, у якое ён адзяецца, і як пас, якім заўсёды падпярэзваецца! Гэткая будзе плата ад ГОСПАДА тым, што супрацьстаяць мне, і тым, што благое гавораць супраць душы маёй! А Ты, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе, учыні са мною дзеля імя Твайго, і, бо добрая міласэрнасьць Твая, выратуй мяне, бо я бедны і прыгнечаны, і сэрца маё ў нутры маім зранена. Я зыходжу, як цень, што зьнікае; ганяюць мяне, як саранчу. Калені мае ад посту хістаюцца, і цела маё ссохла без алею. І я стаўся ганьбаю для іх, яны глядзяць на мяне, ківаючы галовамі сваімі. Дапамажы мне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Збаў мяне паводле міласэрнасьці Тваёй! І даведаюцца яны, што гэта рука Твая, што Ты, ГОСПАДЗЕ, зрабіў гэта! Яны праклінаюць, а Ты дабраславі! Яны паўстаюць [супраць мяне], і будуць асаромленыя, а слуга Твой няхай узрадуецца! Няхай апрануцца ў зьнявагу тыя, што супрацьстаяць мне, і ахінуцца, быццам плашчом, у сорам свой! Я буду гучна славіць ГОСПАДА вуснамі маімі і сярод мноства [народу] буду хваліць Яго, бо Ён стаіць праваруч прыгнечанага, каб збавіць яго ад тых, што асуджаюць душу ягоную.