Кніга Псальмаў, псальм 118

Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная! Няхай скажа Ізраіль, што на вякі міласэрнасьць Ягоная! Няхай скажа дом Ааронавы, што на вякі міласэрнасьць Ягоная! Няхай скажуць тыя, што баяцца ГОСПАДА, што на вякі міласэрнасьць Ягоная! У муках клікаў я ГОСПАДА, і Ён адказаў мне, Госпад [вывеў мяне] на вольны прастор. ГОСПАД са мною, я не баюся. Што зробіць мне чалавек? ГОСПАД са мною, Ён — дапамога мая, і я буду глядзець [на загубу] тых, што мяне ненавідзяць. Лепш мець надзею на ГОСПАДА, чым спадзявацца на чалавека. Лепш мець надзею на ГОСПАДА, чым спадзявацца на магнатаў. Усе народы мяне абступілі, але імем ГОСПАДА я зьнёс іх. Абступілі мяне, абступілі, але імем ГОСПАДА я зьнёс іх. Абселі мяне, быццам пчолы, і згарэлі яны, як агонь з цярніны, бо імем ГОСПАДА я зьнёс іх. Пхаючы, папхнулі мяне, каб я ўпаў, але ГОСПАД дапамог мне. ГОСПАД — моц мая і песьня мая, Ён стаўся збаўленьнем маім. Голас радасьці і збаўленьня — у намётах праведнікаў. Правіца ГОСПАДА зьявіла сілу. Правіца ГОСПАДА ўзьнесена, правіца ГОСПАДА зьявіла сілу. Не памру, але буду жыць і буду абвяшчаць пра дзеяньні ГОСПАДА. Караючы, пакараў мяне ГОСПАД, але сьмерці мяне не аддаў. Адчыніце мне брамы праведнасьці; я ўвайду праз іх і буду славіць ГОСПАДА. Вось брама ГОСПАДАВА; праведнікі ўвойдуць праз яе. Буду славіць Цябе, бо Ты адказаў мне і стаўся збаўленьнем маім! Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла. Ад ГОСПАДА гэта сталася і [гэта] цуд у вачах нашых! Вось дзень, які стварыў ГОСПАД; будзем весяліцца і радавацца ў ім! Прашу, ГОСПАДЗЕ, збаў цяпер! Прашу, ГОСПАДЗЕ, дай посьпех цяпер! Дабраслаўлёны той, хто прыходзіць у імя ГОСПАДА; мы дабраслаўляем вас з дому ГОСПАДАВАГА. ГОСПАД ёсьць Бог, Ён асьвятліў нас; прывяжыце вяроўкамі сьвяточную [ахвяру] да рагоў ахвярніку! Ты —Бог мой, Цябе я буду славіць, Цябе, Божа мой, вывышаць! Слаўце ГОСПАДА, бо Ён — добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!