Кніга Псальмаў, псальм 149

Альлелюя! Сьпявайце ГОСПАДУ новы сьпеў; хвала Яму ў зграмаджэньні багабойных! Весяліся, Ізраілю, ў Творцы тваім; радуйцеся, сыны Сыёну, у Валадару вашым! Хвалеце імя Ягонае карагодамі, на бубнах і на гусьлях выслаўляйце Яго! Бо даспадобы ГОСПАДУ народ Ягоны; уцісканым Ён зьявіць збаўленьне. Будуць цешыцца багабойныя ў славе [Ягонай], будуць весяліцца на ложках сваіх. Праслаўленьне Богу няхай будзе ў вуснах іхніх, а меч двусечны — у руцэ іхняй, каб зьдзейсьніць помсту над паганамі, кару над народамі, каб вязаць валадароў іхніх ланцугамі, і шляхту іхнюю — кайданамі жалезнымі, каб учыніць для іх суд, як напісана. Гэткая велічнасьць для ўсіх багабойных Ягоных! Альлелюя!