Кніга Псальмаў, псальм 51

Кіраўніку хору: псальм Давіда, калі прарок Натан прыйшоў да яго пасьля таго, як ён увайшоў да Батшэбы. Зьлітуйся нада мною, Божа, паводле міласэрнасьці Тваёй, і праз вялікую літасьць Тваю даруй правіны мае! Абмый мяне ўсяго ад беззаконьня майго і ачысьці мяне ад грэху майго. Бо я ведаю правіну маю, і грэх мой заўсёды перада мною. Супраць Цябе, толькі супраць Цябе саграшыў я і ліхое ўчыніў перад вачыма Тваімі, бо Ты праведны ў словах Тваіх і чысты ў судзе Тваім. Вось, я ў беззаконьні нарадзіўся, і ў грэху зачала мяне маці мая. Вось, Табе даспадобы праўда ў нутры, дык дай мне пазнаць мудрасьць у сэрцы маім. Акрапі мяне ізопам, каб я ачысьціўся; абмый мяне, каб я стаўся бялейшым за сьнег. Дай мне пачуць радасьць і вясёласьць, каб узьвесяліліся косткі, якія Ты скрышыў. Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і даруй мне ўсе беззаконьні мае. Сэрца чыстае ствары ў-ва мне, Божа, і дух упэўнены аднаві ў-ва мне. Не адкінь Ты мяне ад аблічча Твайго і Духа сьвятога Твайго не забірай у мяне! Вярні мне радасьць збаўленьня Твайго, і духам шляхетным падтрымай мяне, і я буду навучаць адступнікаў шляхам Тваім, і грэшнікі вернуцца да Цябе. Вызваль мяне ад [віны] за кроў, Божа, Бог выратаваньня майго, і язык мой будзе крычаць пра справядлівасьць Тваю. Адчыні, Госпадзе, вусны мае, і вусны мае будуць абвяшчаць хвалу Тваю. Бо Ты не жадаеш ахвяраў, хоць бы я іх даў, і цэласпаленьні не даспадобы Табе. Ахвяра для Бога — скрышаны дух; сэрцам скрышаным і зламаным Ты, Божа, не пагарджаеш! Рабі добрае Сыёну паводле ласкі Тваёй, збудуй муры Ерусаліму. Тады будуць Табе даспадобы ахвяры праведнасьці, цэласпаленьні і ахвяры дасканалыя; тады быкоў узьнясуць на ахвярнік Твой.