1 Летапісаў, глава 13

1 Лет 13І раіўся Давід з тысячнікамі, сотнікамі і з усімі правадырамі,і сказаў Давід усяму сходу Ізраільцянаў; калі заўгодна вам, і калі на тое будзе воля Госпада Бога нашага, пашлем усюды да астатніх братоў нашых, па ўсёй зямлі Ізраільскай, і разам зь імі да сьвятароў і лявітаў, у гарады і селішчы іхнія, каб яны сабраліся да нас,і перанясем да сябе каўчэг Бога нашага, бо ў дні Саўла мы не зьвярталіся да яго.І сказаў увесь сход: хай будзе так, - бо гэта дзея ўсяму народу здавалася справядлівай.Так сабраў Давід усіх Ізраільцянаў, ад Шыхора Егіпецкага да ўваходу ў Эмат, каб перанесьці каўчэг Божы з Кірыятыярыма.І пайшоў Давід і ўвесь Ізраіль у Карыятыярым, што ў Юдэі, каб перанесьці адтуль каўчэг Бога, Госпада, які сядзіць на херувімах, на якім называецца імя Яго.І павезьлі каўчэг Божы на новай калясьніцы з дома Авінадава; і Оза і Ахія вялі калясьніцу.А Давід і ўсе Ізраільцяне ігралі перад Богам з усёй сілы, са сьпевамі, на цытрах і на псалтырах, і тымпанах, і кімвалах і трубах.Калі дайшлі да гумна Хідона, Оза працягнуў руку сваю, каб падтрымаць каўчэг, бо валы нахілілі яго.Але Гасподзь разгневаўся на Озу, і пабіў яго за тое, што ён працягнуў руку сваю да каўчэга; і ён памёр тут жа перад абліччам Божым.І засмуціўся Давід, што Гасподзь пабіў Озу. І назваў тое месца паразаю Озы; так называецца яно і да сёньня.І спалохаўся Давід Бога ў дзень той, і сказаў: як я ўнясу да сябе каўчэг Божы?І не павёз Давід каўчэга да сябе, у горад Давідаў, а завярнуў яго да дома Авэдара Гэцяніна.І заставаўся каўчэг Божы ў Авэдара, у доме ягоным, тры месяцы, і дабраславіў Гасподзь дом Авэдара і ўсё, што ў яго.