Першая кніга Летапісаў, разьдзел 18

Пасьля гэтага Давід пабіў Філістымлянаў і ўпакорыў іх, і ўзяў Гэт і залежныя ад яго гарады з рук Філістымлянаў.

Ён пабіў таксама Маавіцянаў, - і зрабіліся Маавіцяне рабамі Давіда, прыносячы яму даніну.

І пабіў Давід Аднаазара, цара Суўскага, у Эмаце, калі той ішоў сьцьвердзіць сваю ўладу каля ракі Еўфрат.

І ўзяў Давід у яго тысячу калясьніц, сем тысяч вершнікаў і дваццаць тысяч пешых, і разбурыў Давід усе калясьніцы, пакінуўшы зь іх толькі сто.

Сірыйцы Дамаскія прыйшлі былі на дапамогу да Аднаазара, цара Суўскага, але Давід пабіў дваццаць дзьве тысячы Сірыйцаў.

І паставіў Давід ахоўнае войска ў Сірыі Дамаскай, і зрабіліся Сірыйцы рабамі Давіда, прыносячы яму даніну. І памагаў Гасподзь Давіду ўсюды, куды ён ні хадзіў.

І ўзяў Давід залатыя шчыты, якія былі ў рабоў Адраазара, і прынёс іх у Ерусалім.

А з Тыўхаты і Куна, гарадоў Адраазаравых, узяў Давід вельмі многа медзі. Зь яе Саламон зрабіў меднае мора і слупы і медны посуд.

І пачуў Той, цар Імата, што Давід пабіў усё войска Адраазара, цара Суўскага.

І паслаў Ёрама, сына свайго, да цара Давіда, вітаць яго і дзякаваць за тое, што ён ваяваў з Адраазарам і пабіў яго, бо Той быў у вайне з Адраазарам, - і зь ім усякі посуд залаты, срэбны і медны.

І прысьвяціў іх цар Давід Госпаду разам з срэбрам і золатам, якое ён узяў ад усіх народаў: ад Ідумэянаў, Маавіцянаў, Аманіцянаў, Філістымлянаў і ад Амалікіцянаў.

І Авэса, сын Саруі, пабіў Ідумэянаў у даліне Яалянай васямнаццаць тысяч;

і паставіў у Ідумэі ахоўнае войска, і зрабіліся ўсе Ідумэяне рабамі Давіду. Гасподзь памагаў Давіду ўсюды, куды ён ні хадзіў.

І валадарыў Давід над усім Ізраілем, і чыніў суд і праўду ўсяму народу свайму.

Ёаў, сын Саруі, быў начальнікам войска, Ёсафат, сын Ахілуда, дзеяпісцам.

Садок, сын Ахітува, і Авімэлэх, сын Авіятара, сьвятарамі, а Суса пісцом,

Ванэя, сын Ёдая, над Хэлэтэямі і Фэлэтэямі, а сыны Давідавыя - першымі пры цары.