Першае пасланьне да Карынфянаў, разьдзел 10

Не хачу пакінуць вас, браты, і каб вы ня ведалі, што бацькі нашыя ўсе былі пад хмараю, і ўсе прайшлі праз мора;

і ўсе хрысьціліся ў Майсея ў хмары і ў моры;

і ўсе елі адну і тую самую духоўную страву;

і ўсе пілі адно і тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнай скалы, якая ішла сьледам за імі; а скала тая была Ісус Хрыстос.

Але ня шмат каго ўпадабаў Бог; бо яны панішчаны былі ў пустыні.

А гэта былі прыклады нам, каб мы не самахоціліся на ліхое, а самахоціліся яны.

Ня будзьце таксама ідалапаклонцамі, як некаторыя зь іх, пра якіх напісана: «людзі селі есьці і піць, і ўсталі бавіцца».

Ня будзем блудадзейнічаць, як некаторыя зь іх блудадзейнічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.

Ня будзем спакушаць Хрыста, як некаторыя зь іх спакушалі і загінулі ад зьмеяў.

Не наракайце, як некаторыя зь іх наракалі і загінулі ад зьнішчальніка.

Усё гэта адбывалася зь імі, як вобразы; а апісана ў настаўленьне нам, што дасягнулі канца вякоў.

А таму, хто думае, што ён стаіць, глядзі, каб ня ўпасьці.

Вас апанавала спакуса не якая, а чалавечая; і верны Бог, Які не дапусьціць, каб вас спакушалі звыш сілы, але пры спакушэньні дасьць і палёгку, каб вы маглі ператрываць.

Таму, любасныя мае, унікайце служэньня ідалам.

Я кажу вам як разважлівым; самі памяркуйце, пра што я кажу:

Чара дабраславеньня, якую дабраслаўляем, ці ня ёсьць далучэньне Крыві Хрыстовай? хлеб, які ламаем, ці ня ёсьць далучэньне Цела Хрыстовага?

Адзін хлеб, і мы многія - адно цела; бо ўсе прычашчаемся адным хлебам.

Паглядзеце на Ізраіля па плоці: тыя, што ядуць ахвярнае, ці ня супольнікі яны ахвярніка?

Што я кажу? ці тое, што ідал ёсьць нешта? альбо ідалаахвярнае значыць што-небудзь?

Не; але што язычнікі, калі прыносяць ахвяры, дык прыносяць дэманам, а ня Богу; але я не хачу, каб вы былі ў супольнасьці з дэманамі.

Ня можаце піць чару Гасподнюю і чару дэманскую; ня можаце быць супольнікамі ў гасьціне Гасподняй і ў гасьціне дэманскай.

Няўжо мы адважымся дражніць Госпада? Хіба мы мацнейшыя за Яго?

Усё мне можна, ды ня ўсё на карысьць; усё мне можна, ды ня ўсё навучае.

Хай ніхто ня шукае карысьці сабе, а кожны - другому.

Усё, што прадаецца на торжышчы, ежце не перабіраючы, дзеля спакою сумленьня;

бо Гасподняя зямля і ўсё, што на ёй.

Калі хто зь няверных пакліча вас, і вы захочаце пайсьці, - дык усё, што вам прапануецца, ежце не перабіраючы дзеля спакою сумленьня.

Але калі хто скажа вам: гэта ідалаахвярнае, - дык ня ежце дзеля таго, хто падказаў вам, і дзеля сумленьня; бо Гасподняя зямля, і ўсё, што на ёй.

Сумленьне ж разумею не сваё, а іншага; бо дзеля чаго маёй свабодзе быць суджанай чужым сумленьнем?

Калі я з удзячнасьцю ем, дык навошта мяне дакараць за тое, за што я дзякую?

Дык жа, ці ясьце, ці п'яце, ці (іншае) што робіце, усё рабеце на славу Божую.

Не давайце панады ні Юдэям, ні Элінам, ні царкве Божай,

так, як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, шукаючы не сабе карысьці, а многім, каб яны ўратаваліся.