Першы ліст Карынфянам, глава 2

1 Кар 2І калі я прыходзіў да вас, браты, прыходзіў абвяшчаць вам сьведчаньне Божае не ў высока ўзьнёсласьці слова ці мудрасьці.Бо я пастанавіў сабе нічога іншага між вамі ня ведаць, апроч Ісуса Хрыста, і пры тым - укрыжаванага.І быў я ў вас зьняможаны і ў страху і ў вялікім трымценьні.І слова маё, і казань мая не ў пераканаўчых словах чалавечай мудрасьці, а ў выяўленьні Духа і сілы,каб вера вашая была ня ў мудрасьці чалавечай, а ў сіле Божай.А мудрасьць мы прапаведуем сярод дасканалых, але мудрасьць ня веку гэтага і ня ўладцаў веку гэтага праходных,а прапаведуем мудрасьць Божую, тайную, схаваную, якую Бог вызначыў спрадвеку на славу нашую,якое ніхто з уладцаў веку гэтага не спазнаў; бо, калі б спазналі, дык не ўкрыжавалі б Госпада славы.А, як напісана: «ня бачыла таго вока і ня чула вуха, і ня ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека, што тым Бог падрыхтаваў, хто любіць Яго».А нам Бог адкрыў гэта Духам Сваім; бо Дух ва ўсё пранікае, і ў глыбіні Божыя.Бо хто зь людзей ведае, што ў чалавеку, акрамя духу чалавечага, які жыве ў ім? Так і Божага ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага.Але мы прынялі ня духа сьвету гэтага, а Духа ад Бога, каб ведаць дараванае нам ад Бога;што і абвяшчаем не ад чалавечай мудрасьці вывучанымі словамі, а вывучанымі ад Духа Сьвятога, суадносячы духоўнае з духоўным.Душэўны чалавек ня прымае таго, што ад Духа Божага, бо ён лічыць гэта юродзтвам; і ня можа разумець, бо пра гэта трэба разважаць духоўна.А духоўны разважае пра ўсё, а пра яго разважыць ніхто ня можа.Бо «хто спазнаў розум Гасподні, каб мог разважыць яго?» А мы маем розум Хрыстовы.