Трэцяя кніга Царстваў, разьдзел 9

Пасьля таго, як Саламон закончыў будаўніцтва храма Гасподняга і дома царскага і ўсё, што Саламон хацеў зрабіць,

зьявіўся Саламону Гасподзь другі раз, як зьявіўся яму ў Гаваоне.

І сказаў яму Гасподзь: Я пачуў малітву тваю і просьбу тваю, чаго ты прасіў у Мяне. Я асьвяціў гэты храм, які ты збудаваў, каб быць імю Майму там вечна; і будуць вочы Мае і сэрца Маё там ва ўсе дні.

І калі ты будзеш хадзіць прад абліччам Маім, як хадзіў бацька твой Давід, у чысьціні сэрца і ў праўдзе, выконваючы ўсё, што Я наказаў табе, і калі будзеш захоўваць пастановы Мае і законы Мае,

дык Я пастаўлю царскі трон твой над Ізраілем навечна, як Я сказаў бацьку твайму Давіду, кажучы: не перапыніцца ў цябе той, хто сядзіць на троне Ізраілевым.

Калі ж вы і сыны вашыя адступіце ад Мяне і ня будзеце трымацца наказаў Маіх і пастановаў Маіх, якія Я даў вам, і пойдзеце і пачняце служыць іншым багам і пакланяцца ім,

дык Я зьнішчу Ізраіля з улоньня зямлі, якую Я даў яму, і храм, які я асьвяціў імю Майму, адкіну ад аблічча Майго, і будзе Ізраіль прытчаю і пасьмешышчам ува ўсіх народаў.

І пра храм гэты высокі, кожны, хто праходзіцьме міма яго, жахнецца і сьвісьне, і скажа: за што Гасподзь зрабіў так з гэтаю зямлёю і з гэтым храмам?

І скажуць: за тое, што яны пакінулі Госпада Бога свайго, Які вывеў бацькоў іхніх зь зямлі Егіпецкай, і прынялі іншых багоў, і пакланяліся ім, і служылі ім, - за гэта навёў на іх Гасподзь ўсё гэта бедства.

Праз дваццаць гадоў, за якія Саламон пабудаваў два дамы, - дом Гасподні і дом царскі, -

на што Хірам, цар Тырскі, дастаўляў Саламону дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя і золата, па яго жаданьні, - цар Саламон даў Хіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай.

І выйшаў Хірам з Тыра паглядзець гарады, якія даў яму Саламон, і яны не спадабаліся яму.

І сказаў ён: што гэта за гарады, якія ты, брат мой, даў мне? І назваў іх зямлёю Кавул, як называюцца яны па сёньня.

І паслаў Хірам цару сто дваццаць талантаў золата.

Вось распараджэньне пра падатак, які наклаў цар Саламон, каб пабудаваць храм Гасподні і дом свой, і Міло і сьцяну Ерусалімскую, Гацор і Мэгідо і Газэр.

Фараон, цар Егіпецкі, прыйшоў і ўзяў Газэр, і спаліў яго агнём, і Хананэяў, якія жылі ў горадзе, пабіў, і аддаў яго ў пасаг дачцэ сваёй, жонцы Саламонавай.

І пабудаваў Саламон Газэр і ніжні Бэтарон,

і Ваалат і Тадмор у пустыні,

і ўсе гарады пад запасы, якія былі ў Саламона, і гарады пад калясьніцы і гарады пад коньніцу, і ўсё тое, што Саламон хацеў пабудаваць у Ерусаліме і на Ліване і ва ўсёй зямлі свайго валоданьня.

Увесь народ, які застаўся ад Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў, Евусэяў, якія былі ня з сыноў Ізраілевых,

дзяцей іхніх, якія засталіся пасьля іх на замлі, якіх сыны Ізраілевыя не маглі вынішчыць, Саламон зрабіў аброчнымі працаўнікамі да сёньня.

А сыноў Ізраілевых Саламон не рабіў работнікамі, але яны былі ягонымі воінамі, ягонымі слугамі, ягонымі вяльможамі, ягонымі ваеначальнікамі і правадырамі ягоных калясьніц і ягоных вершнікаў.

Вось галоўныя прыстаўнікі над працамі Саламонавымі: тых, што кіравалі работамі, было пяцьсот пяцьдзясят.

Дачка фараонавая перайшла з горада Давідавага ў свой дом, які пабудаваў ёй Саламон. Потым пабудаваў ён Міло.

І прыносіў Саламон тры разы на год цэласпаленьні і мірныя ахвяры на ахвярніку, які ён пабудаваў Госпаду, і дымленьне на ім учыняў прад Госпадам. І закончыў ён будаўніцтва дома.

Цар Саламон таксама зрабіў карабель у Эцыён-Гавэры, што каля Элата, на беразе Чарэмнага мора, у зямлі Ідумэйскай.

І паслаў Хірам на караблі сваіх падданых карабельнікаў, якія ведалі мора, з падданымі Саламонавымі;

і выправіліся яны ў Афір, і ўзялі адтуль золата чатырыста дваццаць талантаў, і прывезлі цару Саламону.