Першая кніга Царстваў, разьдзел 14

Аднаго дня сказаў Ёнатан, сын Саўлаў, слузе, збраяносцу свайму: ідзі, пяройдзем да атрада Філістымскага, што па той бок. А бацьку свайму не сказаў пра гэта.

А Саўл быў у навакольлі Гівы, пад гранатавым дрэвам, што ў Мігроне; зь ім было каля шасьцісот чалавек народу

і Ахія, сын Ахітува, брата Ёхавэда, сына Фінэеса, сына Ілія, сьвятар Госпада ў Сіломе, які насіў наплечнік. А народ ня ведаў, што Ёнатан пайшоў.

Паміж пераходамі, па якіх Ёнатан спрабаваў прабрацца да атрада Філістымскага, была вострая скала з аднаго боку і вострая скала з другога: адна называлася Бацэц, а другая Сэнэ;

адна скала выдавалася з поўначы да Міхмаса, а другая з поўдня да Гівы.

І сказаў Ёнатан слузе-збраяносцу свайму: ідзі, пяройдзем да атрада гэтых неабрэзаных; магчыма, Гасподзь дапаможа нам, бо Госпаду няцяжка выратаваць праз многіх, альбо нямногіх.

І адказаў збраяносец: рабі ўсё, што на сэрцы ў цябе; ідзі, вось я з табою, куды табе заўгодна.

І сказаў Ёнатан: вось, мы пяройдзем да гэтых людзей і станем на вачах у іх;

калі яны так скажуць нам: «спынецеся, пакуль мы пойдзем да вас», дык мы спынімся на сваіх месцах і ня ўзыдзем да іх;

а калі так скажуць: «падымемся да нас», дык мы ўзыдзем, бо Гасподзь аддаў іх у рукі нашыя; і гэта будзе знакам нам.

Калі абодва яны спыніліся на вачах у атрада Філістымскага, дык Філістымляне сказалі: вось, Габрэі выходзяць зь цясьнінаў, у якіх хаваліся яны.

І закрычалі людзі, якія складалі атрад, да Ёнатана і збраяносца ягонага, кажучы: падымецеся да нас, і мы вам скажам нешта. Тады Ёнатан сказаў збраяносцу свайму: ідзі сьледам за мною, бо Гасподзь аддаў іх у рукі Ізраілю.

І пачаў узыходзіць Ёнатан, чапляючыся рукамі і нагамі, і збраяносец ягоны за ім. І падалі Філістымляне перад Ёнатанам, а збраяносец дабіваў іх за ім.

І загінула ў гэтым першым пабоішчы ад Ёнатана і збраяносца ягонага каля дваццаці чалавек, на палавіне поля, ураблянага параю валоў за дзень.

І ўсчалася жудасьць у табары на полі і ва ўсім народзе: перадавыя атрады і спусташальнікі зямлі затрымцелі; здрыганулася ўся зямля, і быў жах вялікі ад Госпада.

І ўбачылі вартавыя Саўла ў Гіве Веньямінавай, што натоўп расьсейваецца і бяжыць туды і сюды.

І сказаў Саўл народу, які быў зь ім: перагледзьце і даведайцеся, хто з нашых выйшаў. І перагледзелі, і вось, няма Ёнатана і збраяносца ягонага.

І сказаў Саўл Ахію: прынясі ківот Божы, - бо ківот Божы ў той час быў з сынамі Ізраільскімі.

Саўл яшчэ гаварыў, калі замяшаньне ў табары Філістымскім усё больш і больш павялічвалася. Тады сказаў Саўл сьвятару: складзі рукі твае.

І ўсклікнуў Саўл і ўвесь люд, які быў зь ім, і прыйшлі да месца бітвы, і вось, там меч кожнага павернуты быў супроць блізкага свайго; замяшаньне было вельмі вялікае.

Тады і Габрэі, якія ўчора і заўчора былі ў Філістымлянаў і якія ўсюды хадзілі зь імі ў табары, прысталі да Ізраільцянаў, што былі з Саўлам і Ёнатанам;

І ўсе Ізраільцяне, якія хаваліся на гары Яфрэмавай, пачуўшы, што Філістымляне пабеглі, таксама прысталі да сваіх у бітве.

І выратаваў Гасподзь таго дня Ізраіля; а бітва пашырылася аж да Бэт-Авэна.

Людзі Ізраільскія былі стомленыя ў той дзень; а Саўл закляў народ, сказаўшы: пракляты, хто скаштуе хлеба да вечара, пакуль я не адпомшчу ворагам маім. І ніхто зь люду не скаштаваў ежы.

І пайшоў увесь люд у лес, і быў там на паляне мёд.

І ўвайшоў люд у лес, кажучы: вось, цячэ мёд. Але ніхто не працягнуў рукі сваёй да вуснаў сваіх, бо люд баяўся заклёну.

А Ёнатан ня чуў, калі бацька ягоны заклінаў люд, і працягнуўшы канец кія, які быў у руцэ ў яго, умачыў яго ў соты мядовыя і павярнуў рукою да вуснаў сваіх, і прасьвятлелі вочы ягоныя.

І сказаў яму адзін зь людзей, кажучы: бацька твой закляў люд, сказаўшы: пракляты, хто сёньня скаштуе ежы; ад гэтага люд стаміўся.

І сказаў Ёнатан: зьбянтэжыў бацька мой зямлю; глядзеце, у мяне прасьвятлелі вочы, калі я скаштаваў крыху гэтага мёду;

калі б паеў сёньня люд са здабычы, якую знайшоў у ворагаў сваіх, дык ці ня большым быў бы разгром Філістымлянаў?

І таго дня разграмілі Філістымлянаў ад Міхмаса да Аялона, і народ вельмі стаміўся.

І кінуўся люд на здабычу, і бралі авечак, валоў і цялят, і калолі на зямлі, і еў люд з крывёю.

І паведамілі Саўлу, кажучы: вось, люд грэшыць прад Госпадам, есьць з крывёю. І сказаў Саўл: вы зграшылі; прывярнеце цяпер да мяне вялікі камень.

Потым сказаў Саўл: прайдзеце паміж людзей і скажэце ім: хай кожны прыводзіць да мяне свайго вала і кожны сваю авечку, і калеце тут і ежце, і не грашэце прад Госпадам, ня ежце з крывёю. І прыводзілі ўсе зь люду, кожны сваёю рукою, вала свайго ўначы, і калолі там.

І зладзіў Саўл ахвярнік Госпаду: то быў першы ахвярнік, пастаўлены ім Госпаду.

І сказаў Саўл: пойдзем у пагоню за Філістымлянамі ўначы і абяром іх да сьвітаньня і не пакінем у іх ніводнага чалавека. І сказалі: рабі ўсё, што добра ў вачах тваіх. А сьвятар сказаў: прыступім тут да Бога.

І спытаў Саўл у Бога: ці ісьці мне ў пагоню за Філістымлянамі? ці аддасі іх у рукі Ізраіля? Але Ён не адказваў яму ў той дзень.

Тады сказаў Саўл: хай падыдуць сюды ўсе начальнікі народу і разьведаюць і даведаюцца, на кім грэх сёньня?

бо - жывы Гасподзь, які выратаваў Ізраіля, - калі будзе і на Ёнатане, сыне маім, дык і ён памрэ мусова. І ніхто не адказваў яму з усяго народу.

І сказаў Саўл усім Ізраільцянам: станьце вы па адзін бок, а я і сын мой Ёнатан станем па другі бок. І адказваў люд Саўлу: рабі, што добра ў вачах тваіх.

І сказаў Саўл: Госпадзе, Божа Ізраілеў! дай знак. І выкрытыя былі Ёнатан і Саўл, а народ выйшаў невінаваты.

Тады сказаў Саўл: кіньце жэрабя паміж мною і Ёнатанам, сынам маім, і ўпала жэрабя на Ёнатана.

І сказаў Саўл Ёнатану: раскажы мне, што зрабіў ты? І расказаў яму Ёнатан і сказаў: я паспытаў канцом кія, што ў руцэ ў мяне, крыху мёду; і вось, я павінен памерці.

І сказаў Саўл: хай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ болей зробіць; ты, Ёнатан, павінен сёньня памерці!

Але люд сказаў Саўлу: ці Ёнатану памерці, які даў вялікае выратаваньне Ізраілю? Хай ня будзе гэтага! Жывы Гасподзь, і валасіна не ўпадзе з галавы ягонай на зямлю, бо з Богам ён дзеяў сёньня. І вызваліў люд Ёнатана, і не памёр ён.

І вярнуўся Саўл ад перасьледу Філістымлянаў; а Філістымляне пайшлі ў сваё месца.

І ўцьвердзіў Саўл сваё цараваньне над Ізраілем, і ваяваў з усімі навакольнымі ворагамі сваімі, з Маавам і з Аманіцянамі, і з Эдомам і з царамі Совы і зь Філістымлянамі, і ўсюды, супроць каго ні выступаў, меў посьпех.

І сабраў войска, і пабіў Амаліка, і вызваліў Ізраіля з рукі грабежнікаў ягоных.

Сыны ў Саўла былі: Ёнатан, Есуі і Мэлхісуа; а імёны дзьвюх дачок ягоных: імя старэйшай - Мэрова, а імя малодшай - Мэлхола.

А імя жонкі Саўлавай - Ахінаам, дачка Ахімааца; а імя правадыра войска ягонага - Авэнір, сын Ніра, дзядзькі Саўлавага.

Кіс, бацька Саўлаў, і Нір, бацька Авэніраў, былі сыны Авііла.

І была зацятая вайна супроць Філістымлянаў праз ўвесь час Саўлаў. І калі Саўл бачыў якога-небудзь чалавека дужага і ваяўнічага, браў яго да сябе.