Першае пасланьне да Фесалонікійцаў, разьдзел 5

А пра часы і часіны няма патрэбы пісаць вам, браты,

бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні так прыйдзе, як злодзей уначы.

Бо, калі будуць казаць: «мір і бясьпека», тады зьнянацку спасьцігне іх пагібель, як мука родамі спасьцігае цяжарную, і ня ўнікнуць.

Але вы, браты, ня ў цемры, каб дзень застаў вас, як злодзей;

бо ўсе вы - сыны сьвятла і сыны дня: мы - ня сыны ночы, ні цемры.

Дык вось, ня будзем спаць, як іншыя, а будзем чуваць і цьвярозіцца.

Бо, хто сьпіць, сьпіць уночы, і хто ўпіваецца, упіваецца ўночы.

Мы ж як сыны дня, будзем цьвярозіцца, апрануўшыся ў браню веры і любові і ў шалом надзеі на збавеньне,

таму што Бог вызначыў нас не на гнеў, а на атрыманьне збавеньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

Які памёр за нас, каб мы, ці то чуваем, ці то сьпім, жылі разам зь Ім.

Таму ўмаўляйце адно аднаго і навучайце адно аднаго, як вы і робіце.

Просім жа вас, браты, паважаць тых, якія працуюць у вас, і якія пастаўлены над вамі ў Госпадзе, і якія на розум вас настаўляюць,

і шанаваць іх пераважна зь любоўю за справу іхнюю; будзьце ў згодзе паміж сабою.

Молім вас таксама, браты, настаўляйце на розум бясчынцаў, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце цярплівыя з усімі.

Глядзеце, каб хто каму не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адно аднаму і ўсім.

Заўсёды радуйцеся.

Бесьперастанку малецеся.

За ўсё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў Ісусе Хрысьце.

Духа не гасеце.

Прароцтваў не прыніжайце.

Усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся.

Ухіляйцеся ад ліхаты ў любым яе выглядзе.

Сам жа Бог міру няхай асьвеціць вас ва ўсёй поўніцы, і ваш дух і душа і цела ва ўсёй цэласьці няхай захаваюцца без пахібы ў прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Верны Той, Хто заклікае вас, Які і зьдзейсьніць гэта.

Браты! малецеся за нас.

Вітайце ўсіх братоў цалаваньнем сьвятым.

Заклікаю вас Госпадам прачытаць гэта пасланьне ўсім сьвятым братам.

Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.