Першае пасланьне да Цімафея, разьдзел 4

Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх,

праз крывадушнасьць ашуканцаў, што спалілі сумленьне сваё,

якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі ісьціну, елі з падзякаю.

Бо кожнае стварэньне Божае - добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем,

бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.

Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў.

А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці;

бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага.

Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае.

Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найперш веруючых.

Прапаведуй гэта і вучы.

Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.

Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем.

Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства.

Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны.

Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх.