Другое пасланьне да Карынфянаў, разьдзел 3

Ці не пачаць нам нанава знаёміцца з вамі? Няўжо патрэбныя нам, як некаторым, пахвальныя лісты да вас альбо ад вас?

Вы - нашае пісьмо, напісанае ў сэрцах нашых, пазнаванае і чытанае ўсімі людзьмі;

вы паказваеце сабою, што вы - пісьмо Хрыстовае, праз служэньне наша напісанае не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцкіх скрыжалях сэрца.

Такую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста,

не таму, што мы самі здольныя былі вымысьліць нешта ад сябе, як бы ад сябе, а здольнасьць нашая ад Бога;

Ён даў нам здольнасьць быць слугамі Новага Запавету, ня літары, а Духа, бо літара забівае, а Дух творыць жыцьцё.

Калі ж служэньне сьмерці, сьмертаносным літарам, выразанае на камянях, было такое слаўнае, што сыны Ізраіля не маглі глядзець на аблічча Майсеевае з прычыны мінушчае славы аблічча ягонага,

дык наколькі ж большае павінна быць служэньне Духа ў славе!

Бо калі служэньне асуджэньня - слава, дык тым больш пераважае ў славе служэньне апраўданьня.

Тое праслаўленае нават ня мае ўжо славы з гэтага боку, з прычыны большае славы наступнага.

Бо, калі мінушчае слаўнае, дык болей слаўнае тое, што застаецца жыць.

Маючы такую надзею, мы дзейнічаем зь вялікай адвагаю,

а ня так, як Майсей, які клаў покрыва на аблічча сваё, каб сыны Ізраіля не глядзелі на канец мінушчага.

Але розум іхні асьлеплены: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязьнятае пры чытаньні Новага Запавету, бо здымаецца яно Хрыстом.

Дагэтуль, калі яны чытаюць Майсея, покрыва ляжыць на сэрцы іхнім;

але калі зьвяртаюцца да Госпада, тады гэта покрыва здымаецца.

Гасподзь ёсьць Дух; а дзе Дух Гасподні, там свабода.

А мы ўсе, як у люстры, гледзячы на славу Гасподнюю, зьмяняемся ў той самы вобраз са славы ў славу, як з Гасподняга Духа.