Другая кніга Царстваў, разьдзел 22

І засьпяваў Давід песьню Госпаду ў дзень, калі Гасподзь выбавіў яго ад рукі ўсіх ворагаў і ад рукі Саўла, і сказаў:

Гасподзь - цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой.

Бог мой - скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне!

Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся.

Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне;

ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.

Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго.

Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь.

Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго.

Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго;

і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру;

і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных;

ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае.

Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Ўсявышні даў голас Свой;

пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх.

І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго.

Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх;

выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне.

Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мне

і вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне.

Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне.

Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім,

бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў,

і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне.

І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго.

Зь мілажальным Ты - мілажальны, з чалавекам шчырым - шчыры,

з чыстым - чысты, а з хітрым - па хітрасьці ягонай.

Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых.

Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю.

З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну.

Бог! - беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго.

Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага?

Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях;

робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне;

вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук.

Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.

Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае.

Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх;

і зьнішчаю іх і б'ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае.

Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне;

Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх.

Яны клічуць, але няма выратавальніка, - да Госпада, але Ён ня слухае іх.

Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх.

Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне.

Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне.

Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх.

Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго,

Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы

і выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне.

За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму,

велікадушна ратуючы цара Свайго і творыць міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна!