Дзеі сьвятых апосталаў, разьдзел 15

Некаторыя, што прыйшлі зь Юдэі, вучылі братоў: калі не абрэжацеся паводле абраду Майсеевага, ня можаце ўратавацца.

Калі ж пачаліся нязгоды і немалое змаганьне ў Паўла і Варнавы зь імі, дык пастанавілі Паўлу і Варнаву і некаторым іншым зь іх выправіцца ў гэтай справе да апосталаў і прасьвітараў у Ерусалім.

І вось, праведзеныя царквою, яны праходзілі Фінікію і Самарыю, расказваючы пра наварот язычнікаў, і рабілі вялікую радасьць ва ўсіх брацтвах.

А як прыйшлі ў Ерусалім, яны былі прынятыя царквою, апосталамі і прасьвітарамі, і абвясьцілі ўсё, што Бог учыніў зь імі, і як адчыніў дзьверы веры язычнікам.

Тады паўсталі некаторыя з фарысэйскай ерасі, якія ўверавалі, і казалі, што трэба абразаць язычнікаў і наказаць трымацца закона Майсеевага.

Апосталы і прасьвітары сабраліся на разгляд гэтай справы.

Пасьля доўгага разважаньня Пётр, устаўшы, сказаў ім: мужы браты! вы ведаеце, што Бог ад першых дзён абраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх язычнікі пачулі слова Дабравесьця і ўверавалі;

і Знаўца Сэрцаў Бог даў ім сьведчаньне, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам;

і не паклаў ніякае розьніцы паміж намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія.

Чаго ж вы цяпер спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, якога не маглі несьці ні бацькі нашыя, ні мы?

Але мы верым, што мілатою Госпада Ісуса Хрыста ўратуемся, як і яны.

Тады змоўк увесь сход і слухаў Варнаву і Паўла, якія расказвалі, якія азнакі і цуды ўтварыў Бог празь іх сярод язычнікаў.

А пасьля таго, як яны змоўклі, пачаў прамову Якаў і сказаў: мужы браты! паслухайце мяне:

Сымон вытлумачыў, як Бог на пачатку дагледзеў язычнікаў, каб скласьці зь іх народ у імя Сваё;

і з гэтым згодныя словы прарокаў, як напісана:

«потым вярнуся і аднаўлю скінію Давідаву заняпалую, і тое, што ў ёй разбурана, узнаўлю, і папраўлю яе,

каб знайшлі Госпада астатнія людзі і ўсе народы, паміж якімі абвесьціцца імя Маё, кажа Гасподзь, Які творыць усё гэта».

Вядомыя Богу спрадвеку ўсе справы Ягоныя.

Таму я лічу, што ня сьлед заважаць тым язычнікам, якія да Бога зьвяртаюцца,

а напісаць ім, каб яны ўстрымаліся ад апаганенага ідаламі, ад распусты, ад душанага і крыві, і каб не рабілі іншым таго, чаго ня зычаць сабе:

бо закон Майсееў старажытных родаў па ўсіх гарадах мае прапаведнікаў ягоных і чытаецца ў сынагогах кожнае суботы.

Тады апосталы і прасьвітары з усёю царквою разважылі, выбраўшы спаміж сябе мужоў, паслаць іх у Антыахію з Паўлам і Варнавам, менавіта: Юду, якога празвалі Варсавам, і Сілу, мужоў начальных сярод братоў,

напісаўшы і ўручыўшы ім наступнае: апосталы і прасьвітары і браты братам зь язычнікаў у Антыахіі, Сірыі і Кілікіі: радавацца.

Таму што мы пачулі, што некаторыя, выйшаўшы ад нас, устрывожылі вас сваімі казанямі і пахіснулі вашыя душы, кажучы, што трэба абразацца і трымацца закона, чаго мы ім не даручалі;

дык мы, сабраўшыся, аднадушна разважылі паслаць да вас выбраных мужоў зь любаснымі нашымі Варнавам і Паўлам,

людзьмі, якія аддалі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.

І вось мы паслалі Юду і Сілу, якія высьветляць вам тое самае і словамі.

Бо заўгодна Сьвятому Духу і нам не ўскладаць на вас ніякага цяжару болей, апрача гэтага неабходнага:

устрымлівацца ад ідалаахвярнага і крыві, і душанага і распусты, і не рабіць іншым таго, чаго сабе ня зычыце; трымаючыся гэтага, добра зробіце. Будзьце здаровыя».

І вось пасланцы прыйшлі ў Антыахію і, склікаўшы людзей, уручылі пісьмо.

А яны, прачытаўшы, узрадаваліся настаўленьню гэтаму.

Юда і Сіла, якія таксама былі прарокі, шчодрым словам далі настаўленьне братам і ўмацавалі іх.

Пабыўшы там якісь час, яны зь мірам адпушчаны былі братамі да апосталаў;

але Сілу надумалася застацца там, а Юда вярнуўся ў Ерусалім.

А Павал і Варнава жылі ў Антыахіі, навучаючы і зьвястуючы, разам зь іншымі многімі, слова Гасподняе.

Па пэўным часе Павал сказаў Варнаву: хадзем зноў, наведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведалі слова Гасподняе, як яны жывуць.

Варнава хацеў узяць з сабою Яна, якога звалі Маркам,

але Павал разважыў ня браць з сабою таго, хто адстаў ад іх у Памфіліі і не пайшоў зь імі на дзею, на якую яны былі пасланыя.

Адгэтуль і сталася крыўда, так што яны разлучыліся адзін з адным; і Варнава, узяўшы Марка, адплыў на Кіпр;

а Павал, выбраўшы сабе Сілу, выправіўся, даручаны братамі мілаце Божай,

і праходзіў Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.