Дзеі сьвятых апосталаў, разьдзел 17

Прайшоўшы праз Амфіполь і Апалонію, яны прыйшлі ў Фесалоніку, дзе была Юдэйская сынагога.

Павал, як звычайна, увайшоў да іх і тры суботы гаварыў зь імі паводле Пісаньняў,

адкрываючы і даказваючы ім, што мусіў Хрыстос пацярпець і ўваскрэснуць зь мёртвых, і што Гэты Хрыстос ёсьць Ісус, Якога я прапаведую вам.

І некаторыя зь іх уверавалі і далучыліся да Паўла і Сілы, - як безьліч з шаноўцаў Бога Элінаў, так і знакамітых жанчын нямала.

А Юдэі, якія не ўверавалі, пазайздросьціўшы і пабраўшы з плошчы многіх нягодных людзей, сабраліся натоўпам і бунтавалі горад і, падступіўшы да дома Ясона, дамагаліся вывесьці іх да людзей.

А не знайшоўшы іх, павалаклі Ясона і некаторых братоў да гарадзкіх начальнікаў з крыкам, што гэтыя сусьветныя падбухторшчыкі прыйшлі і сюды,

а Ясон прыняў іх, і ўсе яны ўчыняюць насуперак загадам кесаравым, уважаючы іншага за цара, Ісуса.

І ўстрывожылі людзей і начальнікаў горада, якія слухалі гэта,

але гэтыя, атрымаўшы заруку ад Ясона і іншых, адпусьцілі іх.

А браты адразу ўначы адправілі Паўла і Сілу ў Вэрыю, прыбыўшы куды, яны пайшлі ў сынагогу Юдэйскую.

Тутэйшыя былі больш дабрамысныя за Фесалоніцкіх: яны прынялі слова з усёй шчырасьцю, дзень у дзень разьбіраючы Пісаньні, ці так яно акурат ёсьць.

І многія зь іх уверавалі, і з Элінскіх знакамітых жанчын і з мужчын нямала.

Але калі Фесалоніцкія Юдэі даведаліся, што і ў Вэрыі прапаведана Паўлам слова Божае, дык прыйшлі і туды, узрушаючы і бунтуючы людзей.

Тады браты адразу адпусьцілі Паўла, быццам ідзе ён да мора; а Сіла і Цімафей засталіся там.

Паўлавыя праваднікі давялі яго да Афінаў і, атрымаўшы наказ да Сілы і Цімафея, каб яны хутчэй прыйшлі да яго, выправіліся.

Чакаючы іх у Афінах, Павал узрушыўся духам, убачыўшы гэты горад поўны ідалаў.

І вось ён разважаў у сынагозе зь Юдэямі і з богашаноўцамі і штодня на плошчы з выпадковымі.

Некаторыя эпікурэйскія і стаічныя філосафы пачалі спрачацца зь ім; і адны казалі: «што хоча сказаць гэты марнаслоў?», а другія: «здаецца, ён прапаведуе чужых божышчаў», бо ён зьвеставаў ім Ісуса і ўваскрэсеньне.

І, узяўшы яго, прывялі ў аэрапаг і казалі: ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне, якое ты прапаведуеш?

Бо нешта дзіўнае ўкладваеш ты ў вушы нашыя; таму хочам ведаць, што гэта такое?

А ўсе Афіняне і аселеныя ў іх чужынцы нічым так ахвотна не займалі час, як тым, каб гаварыць або слухаць што-небудзь новае.

І Павал, стаўшы сярод аэрапага, сказаў: Афіняне! з усяго бачу я, што вы неяк адмыслова набожныя.

Бо, прыходзячы і аглядаючы вашыя сьвятыні, я знайшоў і ахвярнік, на якім напісана: «невядомаму Богу». Вось Яго, Якога вы, ня ведаючы, шукаеце, я прапаведую вам:

Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Ён, будучы Госпадам неба і зямлі, не ў рукатворных храмах жыве

і не вымагае служэньня рук чалавечых, быццам маючы ў нечым патрэбу, а Сам дае ўсяму жыцьцё і дыханьне і ўсё.

З адной крыві Ён вывеў увесь род чалавечы, каб жыў ён на ўсім улоньні зямлі, назначыўшы наперад вызначаныя часіны і межы іхнія пражываньню,

каб яны шукалі Бога, ці не адчуюць Яго, і ці ня знойдуць, хоць Ён і не далёка ад кожнага з нас:

бо мы Ім жывём і рухаемся і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў казалі: «мы Ягоныя і род».

І вось мы, будучы родам Божым, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, альбо срэбра, альбо каменя, увасобленага ў твор мастацтва і выдумкі чалавечай.

І вось, пакідаючы часіны няведаньня, Бог сёньня наказвае людзям усім усюды пакаяцца;

бо Ён вызначыў дзень, у які будзе справядліва судзіць сьвет праз загадзя вызначанага Ім Мужа, даўшы доказ усім, уваскрэсіўшы Яго зь мёртвых.

Пачуўшы пра ўваскрэсеньне зь мёртвых, адны насьміхаліся, а другія казалі: пра гэта паслухаем цябе іншым часам.

І тады Павал выйшаў з асяродзьдзя іхняга.

А некаторыя мужы, прыстаўшы да яго, уверавалі; сярод іх быў Дыянісій Арэапагіт і жанчына, якую звалі Дамар, і іншыя зь імі.