Пасланьне да Каласянаў, разьдзел 3

І вось, калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, дык шукайце вышыняў, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;

пра вышыннае думайце, а не пра зямное.

Бо вы памерлі, і жыцьцё ваша схавана з Хрыстом у Богу;

калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тады і вы зьявіцеся зь Ім у славе.

Дык жа ўмярцьвеце зямныя чэлесы вашыя: распусту, нечысьць, юр, ліхую хцівасьць і любазьдзірства, якое ёсьць ідаласлужэньне,

за якія гнеў Божы ідзе на сыноў супраціву,

у якіх і вы колісь блукалі, калі жылі сярод іх.

А зараз вы адкладзеце ўсё: гнеў, лютасьць, злосьць, ліхаслоўе, кляцьбу з вуснаў вашых;

ня хлусеце адно аднаму, бо вы распранулі зь сябе старога чалавека зь дзеямі ягонымі

і, апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобраза Стваральніка ягонага,

дзе няма ні Эліна, ні Юдэя, ні абразаньня, ні неабразаньня, варвара, Скіфа, раба, вольніка, а ўсё і ўва ўсім - Хрыстос.

Дык апранецеся, як выбранцы Божыя, сьвятыя і ўлюбёнцы, у міласэрнасьць, даброць, мудрую пакору, лагоднасьць, доўгую цярплівасьць,

паблажаючы адно аднаму і даруючы ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду: як Хрыстос дараваў вам, так і вы.

А найболей апранецеся ў любоў, якая ёсьць сукупнасьць дасканаласьці;

і няхай валадарыць у сэрцах вашых мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; і будзьце прыязныя.

Слова Хрыстовае хай усяляецца ў вас шчодра, з усякаю мудрасьцю; вучэце і настаўляйце на розум адзін аднаго псальмамі, славаслоўем і духоўнымі песьнямі, у мілаце апяваючы ў сэрцах вашых Госпада.

І ўсё, што вы робіце словам ці ўчынкам, усё рабеце ў імя Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы празь Яго Богу і Айцу.

Жонкі, упакорвайцеся мужам сваім, як прыстойна гэта ў Госпадзе.

Мужы, кахайце сваіх жонак і ня будзьце зь імі суровыя.

Дзеці, слухайцеся бацькоў вашых ва ўсім, бо гэта даспадобы Госпаду.

Бацькі, не дакучайце дзецям вашым, каб яны не падалі духам.

Рабы, ва ўсім упакорвайцеся гаспадарам вашым па плоці, не для выгляду (толькі) служачы ім, не каб дагадзіць, а ў шчырасьці богабаязнага сэрца.

І ўсё, што робіце, рабеце ад душы, як Госпаду, а не чалавеку,

ведаючы, што ў адзьдзяку ад Госпада дастанеце спадчыну; бо вы служыце Госпаду Хрысту.

А хто несправядліва ўчыніць, той атрымае паводле сваёй няпраўды, у Яго няма агляду на асобы.